Лукашэнка зноў папросіць пазыку ў Азербайджана?
24- 25.11.2015, 17:30
- 18,639
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 27-28 лістапада наведае з афіцыйным візітам Беларусь.
Пра гэта са спасылкай на прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі паведамляе БелаПАН.
«Запланаваныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі ды Ільхама Аліева ў вузкім і пашыраным складах, а таксама падпісанне міжнародных дакументаў», - гаворыцца ў паведамленні.
Чакаецца, што Ільхам Аліеў ускладзе вянок да манумента Перамогі ў Менску, наведае Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Ільхам Аліеў пабываў у Менску з афіцыйнымі візітамі тройчы - у 2006, 2009 і 2012 гадах. І кожны раз Лукашэнка адказваў узаемнасцю - у 2007, 2010 і 2013 гадах.
11-13 чэрвеня гэтага года Аляксандр Лукашэнка наведваў Азербайджан з рабочым візітам. Ён узяў удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця I Еўрапейскіх гульняў і правёў перамовы з Аліевым.
Паводле вынікаў візіту некаторыя аналітыкі выказалі здагадку, што Беларусь зноў хоча атрымаць фінансавую падтрымку ад Азербайджана.
Так, у 2010 Аліеў тэрмінова даў Менску пазыку 200 млн даляраў для разліку з Расеяй за пастаўкі прыроднага газу, а праз год Баку пад гарантыі беларускага ўрада выдаў крэдыт 300 млн даляраў «Беларуськалію».