3 траўня 2024, Пятніца, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для забароненага спектакля пра Тарашкевіча шукаюць новую пляцоўку

Для забароненага спектакля пра Тарашкевіча шукаюць новую пляцоўку
ФОТА: RFE/RL

Са словаў актора Аляксея Сапрыкіна, усе ў творчым калектыве чакаюць новых пастановак, працуюць і гатовыя рухацца далей.

Пасля двух паказаў, 14 і 16 лістапада, спектакль «Браніслаў. Сцэны з жыцця і сноў», які быў прадстаўлены на сцэне студэнцкага тэатра БДУ «На балконе», быў скасаваны кіраўніцтвам універсітэта ў справах культуры.

Наступныя паказы былі запланаваныя на 18, 20 і 23 лістапада. Але 17 лістапада на дзвярах тэатра з'явілася аб'ява на расейскай мове: «Спектакль «Браніслаў» скасаваны». Яшчэ ў чацвер была надзея, што спектакль усё ж адбудзецца ў пятніцу і панядзелак, як і было запланавана раней. Але на гэтую тэму журналісты «Радыё Свабода» паразмаўлялі з выканаўцам галоўнай ролі Аляксеем Сапрыкіным.

- Што будзе з праектам далей, як кіраўніцтва БДУ патлумачыла прычыны скасавання?

- Дакументальных тлумачэнняў не было. Сказалі, што, маўляў, «у нас падрыхтоўка да фэсту «Тэатральны куфар», пляцоўка будзе занятая. Калі першапачаткова дамаўляліся аб пляцоўцы, меркавалася, што падрыхтоўка да «Тэатральнага куфра» пачнецца значна пазней, а тут раптам наважылі раней.

- А хто канкрэтна так тлумачыў?

- Гэта сказалі ва ўправе аб справах культуры БДУ.

- Такая праца зробленая, такія намаганні прыкладзеныя. Што будзе далей з праектам?

- Спадзяюся, што праект і далей будзе жыць. Мы не здаемся. Фактычна мы ўжо знайшлі пляцоўку, каб граць спектакль. Цяпер у нас невялікая вымушаная паўза, неўзабаве з новымі сіламі будзем шукаць пляцоўкі, рэпеціраваць і паказваць спектакль. Для паказу нам патрэбна больш-менш прыстасаваная тэатральная пляцоўка з адмысловым тэатральным святлом, са сцэнай, бо, да прыкладу, у офісах мы паказваць гэты спектакль не можам. Магчыма, прыйдзе час, і можна будзе не залежаць ад пляцоўкі, але пакуль гэта складана.

Сярод людзей ёсць вялікі попыт на «Браніслава», і на ўсе пяць спектакляў у нас былі аншлагі. Да таго ж, мы яшчэ стварылі так званы «ліст чакання», дзе запісалася яшчэ амаль 100 чалавек, якія таксама хацелі трапіць на спектакль, а не змаглі, бо зала проста не змяшчала столькі ахвотных.

- Аляксей, а як настрой у трупы? Столькі рэпетавалі, пачалі паказы, і тут такі ўдар - аптымізм застаўся?

- Спачатку ў мяне быў рэальны шок, я хадзіў сам не свой. І трупа была абураная. Для многіх гэта быў першы тэатральны досвед, і, натуральна, гэта быў удар. Але цяпер ужо супакоіліся, усе ў творчым калектыве чакаюць новых пастановак, працуюць, гатовыя рухацца далей, і гэта добра. Усе малайцы, ва ўсіх ёсць стараннасць.

Нагадаем, 24 лістапада з'явілася паведамленне аб тым, што адміністрацыя ўправы аб справах культуры БДУ скасавала паказ спектакля Эльдара Бякірава «Браніслаў. Сцэны з жыцця і сноў».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках