26 красавiка 2024, Пятніца, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На помнік рэпрэсаваным ва ўладаў Віцебска грошай няма

3
На помнік рэпрэсаваным ва ўладаў Віцебска грошай няма

Пакуль на месцах расстрэлаў - толькі самаробныя мемарыяльныя знакі.

Начальніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і ў справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыёнак напісала праваабаронцу Леаніду Свеціку, які звярнуўся да мясцовых уладаў з прапановай ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Як вынікае з адказу, гарвыканкам гатовы «разгледзець пытанне ў рамках дзейнага заканадаўства», калі на помнік або памятны знак у памяць пра жыхароў Віцебска, рэпрэсаваных у перыяд 1930-50-х гадоў, знойдуцца дабрачынныя сродкі, паведамляе ПЦ «Вясна».

З аднаго боку, на думку Леаніда Свеціка, гатоўнасць гарвыканкама супрацоўнічаць з грамадскай ініцыятывай выклікае аптымізм. Але з іншага - нельга не заўважыць захадаў, якія прымаюцца мясцовымі ўладамі, калі гаворка ідзе пра іх уласныя ініцыятывы і прапановы. Так, з віцебскіх прадпрымальнікаў нядаўна патрабавалі «дабрачынных ахвяраванняў» сумай, не меншай за 50 тысяч рублёў, на ўзвядзенне помніка Аляксандру Неўскаму. Падставы ўзводзіць такі помнік здаюцца несур’ёзнымі шматлікім з гараджан, аднак жаданне гарвыканкама ушанаваць у Віцебску памяць рускага князя застаецца непахісным з 2009 года.

Што да ініцыятывы ўсталяваць мемарыяльны аб'ект, прысвечаны ахвярам сталінскага тэрору, то пад Віцебскам ёсць як мінімум тры месцы, пра якія мясцовыя жыхары сведчаць як пра месца расстрэлаў мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсій. Гэта ўзлесак каля вёскі Паляі, урочышча «Цёплы лес» і ўзлесак каля вёскі Хайсы ў Віцебскім раёне. Паўсюль у гэтых месцах сіламі мясцовых актывістаў створаныя самаробныя мемарыялы - пастаўленыя крыжы на ўзор таго, як гэта зроблена ў Курапатах пад Менскам. Пару гадоў таму віцебскія сябры БНФ звярталіся да ўладаў па дапамогу, каб стварыць афіцыйны мемарыяльны знак каля вёскі Паляі, аднак узаемаразумення паміж бакамі не атрымалася.

Не назіраецца дзяржаўнага клопату і пра ўжо наяўныя мемарыяльныя аб'екты, прысвечаныя памяці ахвяр сталінскага тэрору. У 1990-я гады пад Воршай ва ўрочышчы «Кабыляцкая гара» з дапамогай мясцовых уладаў быў усталяваны мемарыяльны знак - камень з таблічкай - на месцы масавых расстрэлаў мірных грамадзян. Праз некаторы час невядомыя вандалы скралі шыльду, але аднаўленнем помніка гарвыканкам займацца не стаў, хоць гэта месца - другое пасля менскіх Курапатаў, афіцыйна прызнанае месцам гібелі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Добраўпарадкаванне мемарыяла стала справай гонару мясцовых актывістаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках