5 траўня 2024, Нядзеля, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскіх вайскоўцаў і бранятэхніку ў Сірыі выявілі за межамі баз

7
Расейскіх вайскоўцаў і бранятэхніку ў Сірыі выявілі за межамі баз

Расейскія вайскоўцы, артылерыя і бранятэхніка у Сірыі заўважаныя далёка за межамі баз у Тартусе і Латакіі.

Актывісты міжнароднай групы Conflict Intelligence Team (CIT) выявілі актыўнасць расейскага вайсковага кантынгенту ў Сірыі за межамі авіябазы ў Хмейміме ў Латакіі і пункта матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ Расеі ў порце Тартусе, піша РБК.

Разам з актывістамі ўкраінскага сайта InformNapalm каманда CIT даследавала фатаграфіі, апублікаваныя вайскоўцам 74-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 21005) Аясом Сарыг-аолем. Жаўнер размясціў некалькі фотаздымкаў, на якіх ён едзе ў самаходзе па Сірыі. Краіну свайго знаходжання ён сам пазначыў у камэнтарах. Правёўшы геалакацыю некалькіх здымкаў, актывісты CIT выявілі, што баец едзе ў вайсковым аўтамабілі КамАЗ з усходу горада Хама на захад, больш як за 100 кіламэтраў ад расейскай авіябазы Хмеймім.

Таксама актывісты выявілі ў сацсетках профіль Уладзіміра Болдырава, якога яны ідэнтыфікавалі як вайскоўца 810-й асобнай брыгады марской пяхоты, у задачы якой, паводле афіцыйных паведамленнях Мінабароны, уваходзіць ахова расейскіх вайсковых баз у Тартусе і Латакіі. На ягонай старонцы суполка CIT знайшла фота расейскіх вайскоўцаў, зробленыя на поўнач ад горада Хама, каля шашы М5, якая злучае Дамаск і Алепа.

Яшчэ адзін расеец Ілля Гарэлых у кастрычніку апублікаваў у сваім профілі ў Instagram фатаграфіі з Алепа і Хомса, на якіх разам з таварышамі пазаваў са зброяй у руках на фоне расейскага бронеаўтамабіляў КамАЗ-IVECO «Рысь». Пры гэтым два гады таму Гарэлых апублікаваў у сваім фотадзённіку эмблему 12-й асобнай брыгады спецвойскаў ГВА (в/ч 54607, Тамбоў) з подпісам, што ганарыцца службай у гэтай брыгадзе на працягу двух з паловай гадоў. Актывісты CIT адзначаюць, што ў траўні ўжо публікавалі расследаванне аб трох загінулых на Данбасе вайскоўцах гэтай брыгады.

«Гарэлых мог зноў падпісаць кантракт з брыгадай, але мог адправіцца і як добраахвотнік. Тут жа мы бачым узброеных людзей з Расеі, якія спачатку фатаграфуюцца каля аэрапорта Басіля Аль-Асада (фактычна каля авіябазы Хмеймім), а затым са зброяй у руках у тых жа раёнах, дзе сілы Асада вядуць наступ пры падтрымцы ВПС РФ», - піша у сваім блогу адзін з удзельнікаў CIT Руслан Лявіеў.

Раней актывісты гэтай каманды ідэнтыфікавалі на здымках з Сірыі калону расейскай бранятэхнікі ў правінцыі Латакіі, якая рухалася да авіябазы з боку лініі фронту. У калоне была заўважаная 152-міліметровая гаўбіца 2А65 «Мста-Б», якой няма на ўзбраенні Сірыі, запэўнівае CIT.

CIT адзначае таксама з'яўленне сучасных расейскіх танкаў у Пальміры і на поўначы Хомса, а ў сіл Асада зафіксаваныя сучасныя БТР-82А і ракетныя сістэмы залпавага агню БМ-30 «Смерч».

У канцы кастрычніка паўстанцы публікавалі ў сетцы фатаграфію забітага сірыйцаў у бронекамізэльцы з сучаснага расейскага камплекта вайсковай уніформы «Ратнік» з надпісам «Сулімаў» на адваротным баку, дадае Лявіеў.

«Наносячы бомбавыя авіяўдары, Расея адначасова, як мінімум, пастаўляе розныя ракетныя сістэмы залпавага агню і тактычныя ракетныя сістэмы; пастаўляе абмундзіраванне, у той ці іншай форме дапамагае ў наземных баях, пастаўляючы «дарадцаў», а таксама ажыццяўляючы артылерыйскую падтрымку і карэктаванне агню», - сцвярджаюць даследчыкі.

Лявіеў падкрэслівае, што актывісты не маюць неаспрэчных сведчанняў удзелу расейскіх вайскоўцаў у наземнай аперацыі ў Сірыі, аднак мяркуюць, што знойдзеныя ягонай групай звесткі супярэчаць заявам афіцыйных расейскіх асоб аб тым, што расейскія вайскоўцы не ўдзельнічаюць і не плануюць удзельнічаць у наземнай аперацыі.

На момант публікацыі ўзяць камэнтар у Мінабароны не выпадала. У той жа час на пісьмовы запыт Reuters з просьбай пракамэнтаваць публікацыю міністэрства не адказала.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках