Рассельгаснагляд пагражае Беларусі поўнай забаронай на ўвоз гародніны ды садавіны
29- 1.12.2015, 14:09
- 27,049
Рассельгаснагляд можа ўвесці забарону на ўвоз гародніны ды садавіны праз Беларусь праз сталую падробку сертыфікатаў.
Пра гэта паведаміла ТАСС прэс-сакратар установы Юлія Мелана.
"Рассельгаснагляд так і не атрымаў адэкватнай рэакцыі ад карантыннай службы Беларусі ў пытанні рээкспарту расліннай прадукцыі і ўвозу з Беларусі прадукцыі па фальшывых дакументах. Рассельгаснагляд некалькі разоў звяртаўся да беларускага боку з прапановай супольнымі намаганнямі забяспечыць легальнасць паставак падкаранціннай прадукцыі. Але якой-небудзь рэакцыі ад нашых калегаў мы так і не атрымалі, таму магчымае ўвядзенне забароны", - канстатавала прадстаўніца расейскай установы.
Пастанова можа быць прынятая ў аўторак, 1 снежня, пасля перамоў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта з кіраўніком Мінсельгаса Беларусі Леанідам Зайцавым.
Раней Мелана патлумачыла, што, як правіла, такая прадукцыя паступае з краін, якія падпадаюць пад дзеянне харчовага эмбарга.
Рассельгаснагляд некалькі разоў звяртаўся ў гэтым пытанні ў кампетэнтны орган Беларусі. На яго думку, такая сітуацыя негатыўна адбіваецца на добрапрыстойных пастаўшчыках і даверных стасунках з беларускімі калегамі.
Раней Рассельгаснагляд прапаноўваў Беларусі камандзіраваць расейскіх і беларускіх спецыялістаў у трэція краіны для пацверджання дакладнасці і актуальнасці звестак аб экспартаванай імі падкаранціннай прадукцыі. Але гэта прапанова не знайшла водгуку ў беларускага боку, адзначылі ва ўстанове.