Алексіевіч перадала ўкраінскай лётчыцы Саўчанцы свае кнігі і ліст падтрымкі
5- 2.12.2015, 12:30
- 10,815
Святлана Алексіевіч назвала Надзею ўкраінскай Жаннай Д'Арк і выказала надзею на яе хуткае вызваленне.
2 снежня ў пасольстве Украіны ў Менску нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч перадала свае кнігі і ліст падтрымкі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы, якую цяпер судзяць у Расеі, паведамляе «Наша Нiва».
Нобелеўская лаўрэатка адзначыла, што прачытала кнігу Саўчанкі, якую тая напісала ў расейскай турме. Надзея Саўчанка перадала Святлане Алексіевіч 20 лістапада з расейскай турмы сваю кнігу «Моцнае імя Надзея».
Нагадаем, Надзеі Саўчанцы 34 гады. Яна - афіцэр украінскага войска. У чэрвені 2014-га як добраахвотніца ўдзельнічала ў баях супраць баевікоў у складзе батальёна «Айдар», трапіла ў палон пад Луганскам. Саўчанка сцвярджае, што яе перадалі расейскім спецслужбам, расейскі бок - што яна сама нелегальна патрапіла ў Расею. Яе абвінавачваюць таксама ў загубе 17 чэрвеня 2014 года каля Луганска пад абстрэлам расейскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына (нібыта ўкраінка карэктавала мінамётны абстрэл). Саўчанка гэта зняпраўджвае. Украінку судзяць у горадзе Данецк Растоўскай вобласці Расеі.