Дэманстранты ў Ганконгу патрабуюць свабодных выбараў
2- 1.02.2015, 11:23
- 3,917
Прыхільнікі дэмакратыі ў Ганконгу аднавілі вулічныя акцыі пратэсту ўпершыню пасля таго, як у снежні паліцыя разабрала іхны лагер у цэнтры горада.
На вуліцы выведзеныя значныя сілы паліцыі з мэтай не даць пратэстоўцам магчымасць разбіць новы лагер і блакаваць працу ўрадавых устаноў.
Аднак лідары руху Occupy Central кажуць, што не маюць намераў паўтараць такога кшталту акцыі, перадае BBC.
Пратэстоўцы патрабуюць наўпроставых і свабодных выбараў кіраўніка адміністрацыі Асобнага аўтаномнага раёна.
Кітай абяцае, што выбары ў Ганконгу, прызначаныя на 2017 год, будуць наўпроставымі, але кандыдаты будуць узгодненыя з Пекінам.
Першыя пратэсты ў Ганконгу пачаліся ў верасні 2014 года. Пасля сутыкненняў з паліцыяй апошні лагер быў разабраны ў снежні.
"Раней грамадзяне былі менш палітызаваныя, чым цяпер, - сказала ў інтэрв'ю агенцтву Франс прэс адная з арганізатарак Дэйзі Чан. - Рух Occupy абудзіў іх".
Чалец кіроўнай Выканаўчай рады Ганконга Лам Ваанкуон у нядзелю заявіў у інтэрв'ю мясцоваму радыё, што "нельга пагражаць цэнтральным уладам".
Колькасць удзельнікаў шэсця прадэманструе, наколькі ў пратэстнага руху ў Ганконгу захаваўся баявы дух. Сачыць за выкананнем парадку будзе амаль 2 тысяч паліцэйскіх, паведамляе газета South China Morning Post.
Паліцыя перасцерагла пратэстоўцаў ад спробаў зноў заняць публічныя прасторы, адзначыўшы ў заяве, што "мяркуецца, што тыя, хто падтрымлівае незаконныя захопы, магчыма, скарыстаецца магчымасцю ператнуць дарогі, якія цяпер ізноў адкрытыя для руху транспарту".