Эстафета салідарнасці з выдавецтвам «Логвінаў» праходзіць у інтэрнэце
1- 1.02.2015, 18:40
- 10,982
Да яе ўжо далучыліся журналісты і палітычныя актывісты.
Падчас прэс-канферэнцыі 20 студзеня выдавец Ігар Логвінаў папрасіў у грамадскасці дапамогі ў выплаце штрафу, які перавышае 960 млн рублёў. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» журналісты «Радыё Свабода» размясцілі фатаграфію і паведамленне аб тым, што ахвяравалі сродкі на аплату штрафу і перадалі эстафету калегам па цэху, піша «Беларускі партызан».
Сойм Партыі БНФ падтрымаў распачатую журналістамі эстафету салідарнасці і перадаў выклік прадстаўнікам руху «За Свабоду», «Гавары праўду» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), у якіх ёсць 48 гадзін, каб ахвяраваць любую суму для выдавецтва «Логвінаў», сфатаграфавацца з плакатам у падтрымку выдавецтва і перадаць эстафету тром наступным удзельнікам.
Нагадаем, у снежні мінулага года інспекцыя Міністэрства падаткаў і збораў Цэнтральнага раёна Менска з патрабавання Мінінфарма правяла пазапланавую праверку ў кнігарні «Логвінаў». Паводле вынікаў праверкі было заяўлена, што крама займаецца рэалізацыяй друкаванай прадукцыі без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі.
Выдавецтва было пазбаўлена ліцэнзіі ў верасні 2013 года за выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які суд Ашмянскага раёна палічыў экстрэмісцкім.
9 студзеня гэтага года Эканамічны суд Менска пастанавіў падвергнуць прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства «Логвінаў» штрафу ў 30 базавых велічынь (5,4 млн рублёў) за вядзенне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама канфіскаваць даход, атрыманы юрыдычнай асобай у студзені-снежні 2014 года ў памеры больш 960 млн рублёў.