4 траўня 2024, Субота, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санэпідслужба знайшла парушэнні ў 230 крамах Менска

7
Санэпідслужба знайшла парушэнні ў 230 крамах Менска

За мінулы студзень санітарна-эпідэміялагічная служба сталіцы праверыла 230 прадпрыемстваў гандлю.

У 100% выпадкаў устаноўленыя тыя ці іншыя парушэнні. Пра гэта, як паведамляе карэспандэнт агенцтва «Менск-Навіны», сёння паведаміла галоўная дзяржаўная санітарная лекарка горада Наталля Жукава на аператыўнай нарадзе ў Менскім гарадскім выканаўчым камітэце.

У ліку асноўных парушэнняў - нездавальняючы санітарна-тэхнічны стан, невыкананне правілаў захоўвання тавараў, тэрмінаў рэалізацыі і шэраг іншых. Паводле вынікаў праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 270 юрыдычных і службовых асоб. Агульная сума штрафаў склала крыху больш за 1 млрд рублёў.

Прыпынялася праца 51 гандлёвага аб'екта. На сённяшні дзень 23 з іх яшчэ не аднавілі дзейнасць.

Знятая з рэалізацыі 1432 кг недабраякаснай прадукцыі. З іх 740 кг - не беларускай вытворчасці (не дапушчаныя да продажу паводле вынікаў лабараторных даследаванняў і іншых паказчыкаў).

- Гэтая праца працягваецца, - распавяла Н. Жукава.

Агулам, з яе слоў, прасочваецца такая тэндэнцыя: у санэпідслужбы звяртаюцца грамадзяне, спецыялісты выязджаюць на месца і ацэньваюць сітуацыю. Але, на думку галоўнай дзяржаўнай санітарнай лекаркі Менска, пастаянныя парушэнні закладзеныя ў самой сістэме гандлю. Гаворка ідзе пра ператварэнне крамы ў склад, асабліва калі ён размешчаны ва ўбудаваным ў жылы дом памяшканні. Гэта выклікае пастаянныя абгрунтаваныя скаргі жыхароў.

- Вядома, меры мы прымаем, сумы штрафаў вялікія, але пры аднаўленні дзейнасці крамаў праз нейкі час сітуацыя паўтараецца, - адзначыла Н. Жукава. - Наспела неабходнасць абмеркавання з кіраўнікамі гандлёвых прадпрыемстваў выбудоўвання лагістыкі. Так, запланавана нарада з кіраўніцтвам адной з найбуйнейшых гандлёвых сетак для таго, каб выпрацаваць меры ў папярэджанні ўзнікнення парушэнняў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках