2 траўня 2024, Чацвер, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турбізнэс аб забароне на валюту: Tуры падаражэюць, а рынак сыдзе ў цень

42
Турбізнэс аб забароне на валюту: Tуры падаражэюць, а рынак сыдзе ў цень

З 1 сакавіка пуцёўкі ў Беларусі будуць прадавацца толькі за рублі.

Напярэдадні Нацыянальны банк наважыў ануляваць усе валютныя ліцэнзіі турыстычных кампаній. Рэгулятар тлумачыць, што гэта зроблена "ў мэтах скарачэння выкарыстання замежнай валюты ў разліках на тэрыторыі краіны і падвышэння даверу насельніцтва да нацыянальнай валюты". Але прадстаўнікі турбізнэсу ўжо гавораць пра негатыўныя наступствы пастановы: падарожжы падаражэюць, а частка рынка можа сысці ў цень, паведамляе Tut.by.

У сілу спецыфікі бізнэсу раней турыстычныя кампаніі маглі праводзіць праз касу не толькі рублі, але і даляры з еўра. Кожны год яны атрымлівалі на гэта спецыяльныя дазволы Нацбанку. Але з наступнага месяца ўсе валютныя ліцэнзіі анулююцца, а новыя выдавацца не будуць. Прынамсі, да 1 студзеня 2017 года.

Бізнэс успрыняў гэтыя змены вельмі адмоўна. Чыноўнікі ўжо даўно падумвалі забараніць туркампаніям валютныя разлікі з кліентамі, прызнаецца выканаўчы дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстэр. Але прадстаўнікі рынку да апошняга спадзяваліся, што ад слоў да справы ніхто не пяройдзе. З іх слоў, негатыўных наступстваў ад гэтага чакаюць не толькі бізнэс, але таксама кліенты і дзяржава. І пра гэта прафесійная супольнасць папярэджвала ў лістах ўсе зацікаўленыя ведамствы.

- Усе разлікі з замежнымі партнёрамі і аператарамі турыстычныя кампаніі вядуць у валюце. Для аплаты ранняга бранявання і гатэляў, своечасовых заказаў чартараў нам неабходныя мільёны даляраў. Раней гэтыя грошы мы бралі ў кліентаў. А цяпер мы будзем вымушаныя павялічваць нагрузку на біржавы рынак. Навошта гэтыя дадатковыя праблемы? - не разумее Валянцін Цэхмейстар.

Прадстаўнікі турбізнэсу сумняваюцца, што пастанова Нацбанку дазволіць дамагчыся канчатковай мэты - падвысіць давер насельніцтва да нацыянальнай валюты. На дарагія пакупкі, у тым ліку і на адпачынак, беларусы даўно прызвычаіліся збіраць у далярах ці еўра. А пастаяннае ваганне курсаў наўрад ці прымусіць беларусаў змяніць гэтую звычку і захоўваць зберажэнні ў рублях.

- Насельніцтва ў нас ужо шмат гадоў трымае грошы ў далярах і еўра. І тут нічога не зменіцца. Перад купляй пуцёўкі народ проста пойдзе ў абменнік мяняць грошы, каб разлічыцца за тур. А потым мы назад будзем купляць гэтую ж валюту на біржы, - распавядае пра магчымы сцэнар развіцця падзей генеральныя дырэктар кампаніі "Sunny Travel" Аляксандр Ванюкоў.

Варта адзначыць, што і раней кліентам ніхто не забараняў разлічвацца за пуцёўкі ў беларускіх рублях. Праўда, карысталіся гэтай магчымасцю толькі адзінкі.

- А так мы пазбаўляем людзей права выбару і ствараем сабе дадатковыя праблемы. Кампаніям нельга будзе хутка аплаціць паслугі партнёраў, могуць з'явіцца складанасці з замовай паскораных тураў, - кажа дырэктар турыстычнай кампаніі "Step by step" Таццяна Піліпенка, - сітуацыя з валютай і так істотна ўскладніла нашу працу. А цяпер з'явяцца новыя праблемы.

У Міністэрстве гандлю растлумачылі, што выстаўляць кошты за пуцёўкі ў валюце кампаніям таксама забароняць. Аднак, кошт тураў па-ранейшаму будзе фармавацца з прывязкай да валюты, і рублёвыя прайсы прыйдзецца перапісваць кожны дзень разам са змяненнем афіцыйнага курсу.

- Пуцёўкі падаражэюць. Напрыклад, калі тур каштуе 200 даляраў, то кошт у рублях будзе пералічаны не паводле Нацбанку. У выніковую суму яшчэ будзе закладзеная камісія на канвертаванне ад 3 да 5 адсоткаў. Таму што мы павінны будзем купіць на біржы валюту і заплаціць банку за накладныя выдаткі, - каментуе пастанову дырэктар турыстычнай кампаніі "Пунсовыя ветразі" Таццяна Моніч.

Дадатковыя выдаткі на куплю пуцёвак і падаражанне тураў могуць зрабіць айчынныя турыстычныя кампаніі не канкурэнтаздольнымі. Прадстаўнікі бізнэсу асцерагаюцца, што за больш выгаднымі прапановамі беларусы адправяцца з валютай у Маскву або Кіеў, дзе працягнуць аплачваць свае вандроўкі далярамі або гатоўкай, ці праз інтэрнэт.

- Падчас сённяшніх крызісных з'яў трэба стымуляваць попыт, каб выйсці з гэтага цяжкага стану. А мы робім усё наадварот і тым самым пагаршаем сваё становішча, - мяркуе выканаўчы дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстэр, - без гэтай пастановы грошы турыстычнага бізнэсу размяркоўваліся б на нашым фінансавым рынку, і дзяржава атрымлівала б даходы ад падатковых паступленняў. Мы гэтага можам пазбавіцца.

Ёсць і больш сумны сцэнар: частка рынку падарожжаў можа проста сысці ў цень і праводзіць валюту міма касы. Гэтыя схемы ўжо былі адпрацаваныя ў 90-х гадах.

Беларускі турыстычны бізнэс ужо адчувае наступствы снежаньскага крызісу: ранняе браняванне тураў скарацілася на чвэрць. Не ратуюць сітуацыю нават 40-адсоткавыя скідкі на туры, якія прапануюць аператары.

Кампаніі спадзяюцца, што пастанова Нацыянальнага банка аб забароне валютных угодаў будзе перагледжаная або скасаваная.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках