27 красавiка 2024, Субота, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Курсы «Мова нанова» запрацавалі ў Гомелі

2
Курсы «Мова нанова» запрацавалі ў Гомелі

У Гомелі прайшлі першыя заняткі бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова».

Курсы існуюць ужо больш за год, у лістападзе 2014 атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю. Заняткі праходзяць у Менску і яшчэ дзевяці гарадах. Гомель быў апошнім з абласных цэнтраў, дзе адкрыліся курсы. «Мова нанова» заснаваная філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам, піша БелаПАН.

Канцэпцыя курсаў – не акадэмічнае вывучэнне мовы, якое праходзіць у інтэрактыўных формах.

Са слоў Глеба Лабадзенкі, курсы ў Гомелі планавалася адкрыць даўно, але для гэтага трэба было развязаць дзве праблемы - выкладчыкі і памяшканне. Першы занятак праходзіў у філіяле Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый у Гомелі. У зале сабралася 65 чалавек, у асноўным моладзь. Лексічная частка заняткаў была прысвечаная тэме «У краме», граматычная - безэквівалентнай лексіцы.

Перад наведвальнікамі курсаў выступіў саліст Белдзяржфілармоніі Сяржук Даўгушаў.

«Прыемна, што на курсы прыходзяць людзі незаангажаваныя, што прыходзяць рускамоўныя, што гэта не «свая тусоўка». Таму што ў гэтым наша мэта - прыцягваць новых людзей да беларускай мовы, культуры», - адзначыў Глеб Лабадзенка.

Выкладаць на курсах у Гомелі будуць журналісты Мікалай Бянько і Юлія Сівец.

«Парадаксальна, але для чалавека, каб пачаць размаўляць на роднай мове ў Беларусі, трэба нейкае асяроддзе, супольнасць, такая склалася сітуацыя. Хоць ёсць шмат старонак у сацыяльных сетках, дзе людзі штосьці пішуць, паведамленні на беларускай мове, але наўпроставыя стасункі нічога не заменяць. Курсы «Мовы нанова» і могуць быць такім асяроддзем, пляцоўкай для наўпроставых стасункаў. Сёння на курсах шмат людзей, большасць з якіх мы бачым упершыню. Гэта паказвае, што цікавасць да мовы прысутнічае, яна запатрабаваная і пры спрыяльных умовах будзе развівацца», - пракаментаваў Мікалай Бянько.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках