27 красавiка 2024, Субота, 10:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасол Шарэпка адказаў Гуляку

14
Пасол Шарэпка адказаў Гуляку

Пасол Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка пракамэнтаваў абвінавачванні Леаніда Гулякі на адрас ксяндзоў-замежнікаў.

2 студзеня упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка выказаў сур'ёзныя прэтэнзіі да польскіх ксяндзоў, якія служаць у Беларусі. Ён заявіў, што «некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай. Ім не падабаецца наша краіна, нашы законы, кіраўніцтва», нагадвае «Радыё Свабода».

Спадару Гуляка не падабаецца, што з 430 святароў, якія служацьх у беларускіх касцёлах, 113 - замежнікі, збольшага з Польшчы. Гуляка таксама заявіў, што некаторыя замежныя каталіцкія святары летась дапускалі парушэнні, не прыязджаючы ў Беларусь ва ўстаноўлены тэрмін і не праходзячы рэгістрацыю. Ён згадаў пра адміністрацыйныя правапарушэнні, учыненыя каталіцкімі святарамі, у тым ліку з Польшчы. Але канкрэтных прыкладаў і прозвішчаў ён не падаў.

Беларускія каталікі абураныя заявамі упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі. Вернікі пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом да кіраўніцтва краіны аб тым, што крытыка без фактаў з боку высокапастаўленага чыноўніка абражае іх саміх, іхніх пастыраў ды іхнія рэлігійныя пачуцці. Як адзначаецца ў звароце, такімі выступамі Леанід Гуляка ўносіць разлад у стасункі дзяржавы і каталіцкага касцёла, распальвае міжканфесійную варожасць.

На заявы спадара Гулякі адгукнуўся і пасол Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка. Ён пазначыў два асноўныя моманты, чаму ён як дыпламат павінен адрэагаваць на выказванні упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леаніда Гулякі:

«Па-першае, гэтыя каталіцкія святары - грамадзяне Польшчы. І калі высокі прадстаўнік беларускай улады кажа, што яны займаюцца палітычнай дзейнасцю, - гэта вельмі сур'ёзны папрок. І як афіцыйны прадстаўнік польскай дзяржавы я не магу гэтага не заўважаць.

Другі аспэкт: значная частка вернікаў каталіцкага касцёла ў Беларусі - гэта людзі, якія дэкларуюць сябе як палякі (тут такіх 300 тысяч, і, думаю, 90% з іх - вернікі каталіцкага касцёла). А мы як дыпламатычная і консульская служба павінны клапаціцца пра людзей, якія ўважаюць сябе за этнічных палякаў».

Да таго ж гісторыя каталіцкага касцёла ў Беларусі вельмі шчыльна звязаная з каталіцкім касцёлам Польшчы. На пачатку 1990-х гадоў касцёл у Беларусі знаходзіўся ў заняпадзе. І ў той цяжкі момант Польшча працягнула руку дапамогі. І цяпер цяжка знайсці такую парафію ў Беларусі, дзе б у пэўны час не служылі польскія святары. Гэтыя людзі рамантавалі тое, што засталося ад касцёлаў, яны займаліся пастырскай працай, вучылі прынцыпам веры, бо шмат якія беларусы гэтага не ведалі. Спадар Шарэпка кажа, што памятае, як у Польшчы збіралі сродкі на будоўлю і адраджэнне касцёлаў у Беларусі:

«Гэта было парыванне сэрца, гэта была добрасардэчная дапамога братняму касцёлу Беларусі. І, я думаю, гэтым людзям трэба падзякаваць за тое, што яны зрабілі. А што мы бачым замест таго? Безупынныя папрокі, накідванне нейкіх не зусім зразумелым сваіх правілаў гульні. Я не ўзгадваю слоў падзякі за тое, што польскія святары зрабілі для каталіцкага касцёла ў Беларусі ў свой час».

Амбасадар Шарэпка адзначае, што цяпер наогул вельмі цяжка знайсці святароў - адбываецца крызіс веры. І польскія святары служаць не толькі ў Беларусі - яны служаць ва ўсім свеце, і нават у Ватыкане і Італіі, бо і там не стае мясцовых святароў. Бо каб быць святаром, трэба адчуць покліч Бога, атрымаць адукацыю, скончыць духоўную семінарыю. Гэта працяглы працэс. Таму не так лёгка замяніць польскіх святароў мясцовымі. Тое, што тут ёсць польскія святары, - гэта дабро, кажа спадар Шарэпка:

«У гутарках са мной кіраўніцтва каталіцкай царквы вельмі часта гэта падкрэслівае. Але з боку ўлады Беларусі я ніколі не чуў падзякі, чуў толькі папрокі. Чаму так? Ад беларускай улады мы часта чуем, што яны падтрымліваюць рэлігійнае адраджэнне ў краіне. Але тут ідзе рэальнае адраджэнне, і гэтым займаюцца польскія святары. І трэба ім за гэта падзякаваць. Я ад польскіх святароў часта чую, што ў Беларусі цяжэй працаваць, чым у Афрыцы. Тут гэтыя людзі пад поўным кантролем улады. Калі святар прыязджае, каб будаваць касцёл, дазвол на працу яму даюць на 3 месяцы або на паўгода. А што ён можа пабудаваць за гэты час? Падыход цалкам незразумелы да гэтых людзей, якія прыязджаюць з добрымі намерамі.

Я падтрымліваю намаганні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі для ўрэгулявання ўсіх спрэчных пытанняў на лініі Дзяржава - Касцёл. Думаю, што шмат якія з гэтых пытанняў можна было б зняць з парадку дня шляхам падпісання канкардату паміж Ватыканам і Беларуссю. Гэты дакумэнт вызначае сфэры адказнасці дзяржавы і Касцёла. Наколькі я ведаю, Ватыкан ужо даўно дамагаецца падпісання такога дакумэнта. Канкардаты рэгулююць пытанні ў гэтай сфэры ў пераважнай большасці еўрапейскіх краін».

За апошні час афіцыйныя польскія ўлады, польскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беларусі вельмі шмат зрабілі з беларускімі ўладамі, з МЗС Беларусі, каб наладзіць стасункі паміж Польшчай і Беларуссю. Гэта каштавала велізарных намаганняў, і, на думку пасла Шарэпкі, тут ёсць пэўны прагрэс:

«І ў сувязі з гэтым мы не да канца разумеем заяву спадара Гулякі, якая ніяк не стасуецца з гэтым працэсам. Мне было б цікава даведацца, чым спадар Гуляка абгрунтоўвае гэтыя свае выказванні і ці мае ён довады, каб пацвердзіць гэтыя папрокі на адрас польскіх святароў».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках