27 красавiка 2024, Субота, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія «дэпутаты» пакрыўдзіліся, што ў АБСЕ запрашаюць толькі Саннікава

25
Беларускія «дэпутаты» пакрыўдзіліся, што ў АБСЕ запрашаюць толькі Саннікава

«Дэпутаты» не хочуць супрацоўнічаць з рабочай групай ПА АБСЕ ў Беларусі, бо яе «ўзначальвае экстрэміст».

Так старшыня сталай камісіі міжнародных спраў і нацыянальнай бяспекі «савета рэспублікі» Уладзімір Сянько пракамэнтаваў для БелаПАН планы беларускай стараны аб удзеле ў чарговай сесіі парламэнцкай асамблеі АБСЕ ў Вене 18-20 лютага.

Беларускую дэлегацыю на пасяджэнні ПА АБСЕ ўзначаліць Сянько, ад «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» ў дэлегацыю ўключаная чалец сталай камісіі міжнародных спраў Валянціна Лявоненка.

Кіраўнік рабочай групы ПА АБСЕ ў Беларусі Крысціян Хольм паведаміў, што спадзяецца на сустрэчу беларускай дэлегацыі з рабочай групай. Адпаведную прапанову ён ужо накіраваў беларускай старане. «Магу сказаць, што з боку групы заўсёды ёсць жаданне сустрэцца з дэлегацыяй Беларусі», - адзначыў Хольм.

У сваю чаргу кіраўнік беларускай дэлегацыі Уладзімір Сянько заявіў, што такая сустрэча не плануецца.

«Мінулым разам, год таму, у мяне была нефармальная размова з кіраўніком гэтай рабочай групы. Я яму сказаў, што мы не бачым патрэбы і сэнсу ў існаванні гэтай групы наогул, бо няма гэтай праблемы. Яна імі выдуманая, і хтосьці хоча на гэтым гуляць», - распавёў Сянько.

Паводле ягоных слоў, ён таксама гутарыў з гэтай нагоды з кіраўніцтвам ПА АБСЕ. «Я сказаў тагачаснаму старшыню і генэральнаму сакратару, што калі вы хочаце працаваць з намі, то давайце на прынцыпах сапраўды ўзаемнай павагі. Гэта не проста ганарлівасць. Калі вы хочаце з намі размаўляць, то мы з вамі зацікаўленыя супрацоўнічаць, у тым ліку і ў сфэры правоў чалавека. Але калі вы нам будзеце дыктаваць, накідваць нешта, калі будзеце з намі працаваць у стылі Хольма, то ў гэтым сэнсу няма, - сказаў Сянько. - І тады, яшчэ год таму, гэтыя кіраўнікі Парламэнцкай асамблеі абодва далі мне зразумець, што так, мы падумаем, што гэтага чалавека трэба, мабыць, памяняць. Але ён па-ранейшаму застаецца з нейкіх прычын».

Пры гэтым Сянько адзначае, што праблема не ў кіраўніку рабочай групы для Беларусі, а ў яе існаванне. «Для нас, што будзе «А», што будзе «Б», розніца невялікая. Мы не бачым сэнсу ў існаванні гэтай групы. А ўжо калі яе ўзначальвае экстрэміст, то, вядома, размаўляць з ім няма сэнсу, і мы не будзем размаўляць, - заявіў Сянько. - Ён не выяўляе ні найменшага жадання да нармальнай размовы. Што такое экстрэміст? Гэта чалавек, які першапачаткова не здольны ўспрымаць довады іншай стараны. Нават калі ён не згодны, там жа шмат іншых нязгодных. Мы ж не шукаем чалавека, які будзе гладзіць нас па галоўцы, але які здольны выслухоўваць нашы аргумэнты і прыслухоўвацца да іх. А не проста так балабоніць, запрашаць аднаго Андрэя Саннікава (экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр «Еўрапейскай Беларусі»), другога, трэцяга на трыбуну. Гэта не шлях для таго, каб сапраўды ўзаемадзейнічаць і развязваць нейкія праблемы».

Сянько падкрэсліў, што пазіцыя Менска палягае ў тым, што Беларусь зацікаўленая ў супрацоўніцтве з АБСЕ ў кожнай сфэры, у тым ліку ў сфэры дэмакратызацыі і правоў чалавека.

У камэнтары tut.by Хольм заявіў, што мала хто ў свеце можа назваць яго экстрэмістам: «Але я, пэўна, заўзяты прыхільнік дэмакратычных вартасцяў і правоў чалавека».

«Задача рабочай групы АБСЕ - весці дыялог з дэлегацыяй Беларусі. І, вядома, я гатовы слухаць розныя пункты гледжання. Мы хочам кантактаваць з афіцыйнай дэлегацыяй, але мы гутарым і з грамадзянскай супольнасцю, і з беларускай апазіцыяй. Мы хочам развіваць стасункі з Беларуссю, і каб у ёй прайшлі свабодныя і справядлівыя выбары», - заявіў Хольм.

Ён адхіліў абвінавачванні ў тым, што рабочая група дыктуе або накідвае нешта Беларусі: «У мяне няма мэты чытаць камусьці лекцыі. Мы парламэнцкая асамблея АБСЕ. І мая задача - падкрэсліваць важнасць таго, каб парламэнты былі абраныя дэмакратычным шляхам. Калі некага гэта абражае, то дарма».

Гаворачы аб запланаваных у рамках зімовай сэсіі сустрэчах, Уладзімір Сянько паведаміў, што плануюцца сустрэчы беларускай дэлегацыі з калегамі з Расеі, Казахстана, Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі ды іншымі.

Таксама прызначаны выступу беларускіх парламэнтароў у рамках пасяджэнняў сэсіі. «Мы будзем выступаць у першым камітэце палітыкі бяспекі. У другім камітэце будзе выступаць дэпутатка Лявоненка аб гендэрных праблемах», - сказаў Сянько. Ён таксама не выключыў, што беларуская дэлегацыя выступіць на пасяджэнні, прысвечаным сітуацыі ва Украіне.

Швэдскі дэпутат ПА АБСЕ Крысціян Хольм стаў кіраўніком рабочай групы для Беларусі ў 2013 годзе. Да яго на працягу 11 гадоў гэтую пасаду займала нямецкая дэпутатка Ута Цапф. Хольм вядомы моцнай крытыкай афіцыйнага Менска і з'яўляецца адным з найбольш актыўных швэдскіх дэпутатаў, якія займаюцца беларускай праблематыкай.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках