28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт «рэал-палітык»

55
Кошт «рэал-палітык»

Пра тое, што з тэрарыстамі дамовіцца нельга, ведаюць усе і даўно.

Да крывавай зачысткі тэрарыстамі Дэбальцава пра гэта не ведаў адзін Пятро Парашэнка. “Не, ён ведаў, - запярэчыць хто-небудзь, - але выкарыстоўваў усе мажлівасці”.

Яно-та мо і так – хай хто хоча і як хоча іграецца ў “рэал-палітык”, але пры такіх гульнях ня трэба тады маралізатарствам займацца. А то ж яно зусім двудушна выходзіць.

Вынесены да ўлады высокімі ідэаламі Майдана ён ўздоўж і поперак галосіць пра свабоду і дэмакратыю, а потым цалуецца з суседнім дыктатарам і ніякай не адчувае гідлівасці. (Дык а чаму табе ваш самадур не падабаўся, калі суседні так падабаецца?)

Лётаючы па свеце, ён асуджае анэксію Расеяй Крыма, а ручкаючы Лукашэнку, дзякуе за падтрымку цэласнасці Ўкраіны. Таму Лукашэнку, каторы перад тым даў загад сваім шаўкам у ААН галасаваць разам з Зімбабвэ і Паўночнай Карэяй у падтрымку расейскай акупацыі Крыма.

Выбіраючыся на пасаду прэзідэнта, ён ўпрошвае выбраць яго ў адзін тур, каб хутка і рашуча спыніць вайну, а абраўшыся раз за разам адмаўляецца ўводзіць вайсковае становішча, то на МФВ спасылаючыся, то яшчэ на якую трасцу. (І ў той час, калі сам сядзіць на мільённым бізнэсе, бязвусыя кібаргі ў аэрапорце страляюць з дабітага стогадовага “максіма”.)

Нехта скажа, што ўсё гэта “рэал-палітык”. Яно-та мо і так – мо і рэал, мо і палітык, але ў народзе ўсё гэта называецца значна прасцей – прастытуцыя.

Бо калі ты заяўляеш, што ідэалы справядлівасці і свабоды ёсьць святымі ідэаламі, дык не цалуйся з дыктатарамі. Ці цалуйся, але не заяўляй.

Бо калі ты ўпрошваеш: выбярыце мяне ў адзін тур, каб вайну спыніць, дык прадай свае заводы і закупі салдатам зброю. Ці сядзі ў мільёнах, але і місіяй сябе не называй.

Бо калі ты галосіш, што ДНР і ЛНР трэба ва ўсім свеце прызнаць расейскімі тэрарыстамі, дык не сядай з іхнім куклаводам за стол перамоваў. Ці сядай, але не заяўляй “я прывёз вам мір”, бо усе ведаюць – з тэрарыстаім не дамаўляюцца.

Калі ж ты хочаш і маральнымі ідэаламі апеляваць і ў “рэал-палітык” гуляцца, ты і ў першым аўтарытэт страціш, і ў другім будзеш абыграны. Вось скажы цяпер, Пятро, дапамаглі табе твае перамовы? Найграўся ты ў “рэал-палітык”?

Відаць, ужо найграўся. Відаць, ужо прыйдзецца вайну абвесціць вайною. Шкада толькі, што з-за такіх любіцеляў рэальнай палітыкі крывёў сваёй плацяць простыя бязвусыя хлопчыкі, якія ідуць у бой без бронікамізэлькі і страляюць са стогадовага “максіма”. Вось такі кошт, Пятро, “рэал-палітык”.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках