7 траўня 2024, aўторак, 22:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гераіня амэрыканскага сэрыяла змагаецца з «Левіяфанам» у Менскай вобласці

4

Беларусь яшчэ ніколі не адыгрывала такой важнай ролі ў сюжэце замежнага фільма.

Серыял «Агентка Картэр» прадаўжае гісторыю Пэгі Картэр - баявой сяброўкі Капітана Амэрыкі ў гады Другой сусветнай вайны. 1946 год. Пасля таго, як ейны каханы знік у небе над Паўночнай Атлантыкай, дзяўчына пераязджае ў Нью-Ёрк. Тут агентка Картэр працуе на «Стратэгічны навуковы рэзэрв» - папярэдніцу вядомай гледачам з іншых фільмаў і сэрыялаў Marvel арганізацыі «S.H.I.E.L.D.». У с'рыяле таксама з'яўляюцца геній, мільянер, гуляка, бацька «Жалезнага чалавека» Говард Старк і паплечнікі Стыва Роджэрса «Каманда равуноў», піша CityDog.

Сэзон, які атрымаў высокія ацэнкі (рэйтынг сайта RottenTomatoes - 97%), складаецца толькі з 8 сэрый, але першая палова спатрэбілася на разварушванне. Затое ў пятай сэрыі пад назвай «Жалезная столь» пачынаецца проста нейкі шал. У рукі агентаў «С.Н.Р.» трапляе шыфроўка ад сакрэтнай савецкай спецслужбы «Левіяфан», што стаіць за таямнічымі забойствамі і выкраданнямі ў Нью-Ёрку. Гэта кананічны назоў з коміксаў, але паралель з аднайменнай стужкай Андрэя Звягінцава напрошваецца сама сабой.

Картэр расшыфроўвае паведамленне для агента «Левіяфана», у ім пазначанае месца сустрэчы. І дзе б вы думалі? «У лесе пад Мар'інай Горкай, у Беларусі». Праз хвіліну Пэгі прызнаецца, што неаднаразова бывала ў нашых мясцінах падчас вайны, праўда, ёй чамусьці больш за ўсё запомніўся пах селядца (гл. відэа).

І гэта не першае згадванне пра Беларусь у экранізацыях Marvel. У першым сэзоне серыяла «Агенты S.H.I.E.L.D.» наша краіна ўжо фігуравала. Праўда, акрамя Менска і Віцебска як радзімы нобэлеўскага лаўрэата Жарэса Алфёрава, там згадваліся няісны горад Злода і нейкі «Будынак Тодарава». Не выключана, што стваральнікі проста пераблыталі Беларусь з Балгарыяй.

У выпадку з «Агенткай Картэр» геаграфічных хібаў не заўважана. Наадварот, шлях герояў да наваколляў Мар'інай Горкі цалкам лагічны. Спачатку каманда выведнікаў з ЗША прыбывае ў Польшчу, дзе аб'ядноўваецца з «Камандай равуноў». Тыя дзеляцца «парадамі хаджалых»: перайсці мяжу лепш з Літвы, каля - увага! - Ашмянаў. Сказана - зроблена: і вось ужо сябры Капітана Амэрыкі сунуцца па чакана заснежаных вясновых прасторах, каб натрапіць на тыповы, на думку аўтараў сэрыяла, узор беларускай архітэктуры.

Непрыемным сюрпрызам для дыверсантаў становіцца прызначэнне гэтага будынка. Выяўляецца, тут знаходзіцца спецшкола для трэнінгаў будучых савецкіх шпегаў у ЗША, прычым дзяўчатак, якія з дзяцінства атрымалі ліцэнзію на забойства. Такім чынам, сцэнарысты «Агенткі Картэр» змяшчаюць у Менскай вобласці сумна вядомую ў коміксах Marvel расейскую «Акадэмію Чырвонай Пакоя». У ёй, напрыклад, вучылася Чорная Удава, якую ў некалькіх кінафільмах сыграла Скарлет Ёхансан. Хто ведае, можа, паўплывала прызнанне актрысы, што ейная сям'я родам з Менска?

Вядома, коміксавая інтэрпрэтацыя нашай краіны ў сэрыяле – сапраўдны журавель на хвойцы, ды і здымачныя павільёны «Беларусьфільма» задзейнічаныя не былі. Але варта ўлічыць, што толькі ў жывым эфіры канала ABC у ЗША (там, дарэчы, транслявалі нядаўнюю прэмію «Оскар») сэрыю пра падарожжа агенткі Картэр у БССР паглядзелі 4,2 млн чалавек. А даўжэзнаму артыкулу пра Беларусь у марвэлаўскай «Вікіпедыі» краіны-суседзі могуць толькі пазайздросціць.

Аб нас ужо чулі праз тэлевізар: Менск мімаходзь згадваўся ў знакамітых сіткомаў «Сайнфэлд» і «Сябры», у класічным і абноўленым «Зорным шляху» і нават у «Пляткарцы». У беларускай сталіцы нядоўга гасцявалі сам Шэрлак і тройца з «Кнігарні Блэка». Ды што там, у самым першым коміксе культавай сэрыі пра Цінціна, які выйшаў яшчэ ў 1929 годзе, прыгоды няўрымслівага журналіста ў краіне Саветаў пачынаюцца ў Стоўбцах.

Доўгі час у заходняй поп-культуры Беларусь заставалася экзотыкай трэцяга плану, транзітным пунктам, нязвыклым спалучэннем літар у тапаніміцы. У сэрыяле «Агентка Картэр» мы ўсё яшчэ terra incognita і ў нейкім сэнсе «брама імпэрыі». Але галоўная гераіня ахвочая сюды вярнуцца і перамагчы «Левіяфана». А гэта ўжо прарыў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках