Палітвязень Рубцоў падаў пазоў супраць суддзі за маральную шкоду
14- 6.02.2015, 17:49
- 16,525
Атрыманыя грошы ён хоча пералічыць закрытаму ўладамі выдавецтву «Логвінаў».
Жыхар Гомеля Юры Рубцоў, які цяпер адбывае пакаранне на «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, накіраваў пазоў у суд Савецкага раёна Менска аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды. Адказнікам у пазове значыцца суддзя Кірыл Палулех. Падрыхтаваць пазоў палітвязню дапамог праваабаронца Леанід Судаленка, піша сайт ПЦ «Вясна».
У пазове Юры Рубцоў паказвае, што 28 красавіка 2014 г. адказчык, суддзя Савецкага раёна Менска Кірыла Палулех пра разглядзе адміністрацыйнага матэрыялу паводле абвінавачвання жыхара Гомеля ў здзяйсненні правапарушэнняў, прычыніў значную маральную шкоду. Менавіта - распачаў у дачыненні да Юрыя Рубцова працэс, нягледзячы на той факт, што перад суддзём супрацоўнікі міліцыі, якія канваявалі «правапарушальніка», паставілі яго ў адных штанах - да пояс распранутым.
«Адказчык Кірыл Палулех прыступіў судзіць мяне ад імя Рэспублікі Беларусь да пояса голым, тым самым праявіў поўную непавагу да мяне, як да чалавека, дастаўленага ў суд для разгляду справы аб правапарушэнні. Дзеянні і паводзіны адказніка пры выкананні службовых абавязкаў зняважылі маю чалавечую і грамадзянскую годнасць, прымусілі адчуць перад дзяржаўнымі сімваламі, а менавіта гербам і сцягам, прыніжэнне і сорам, а таксама бездапаможнасць і безабароннасць перад свавольствам і ўседазволенасцю чыноўніка, апранутага ў судзейскую мантыю. Я быў пастаўлены адказнікам ва ўмовы адчаю і безвыходнасці, бо быў вымушаны стаяць перад судом, перад дзяржаўнымі сімваламі да поясу голым, пры гэтым, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, мяне ў такім выглядзе бачылі суддзя, сакратар судовага пасяджэння і адвакат», - звяртае ўвагу заяўнік.
Ён нагадвае, што суддзя пры разглядзе справы дазволіў сабе кідаць у яго бок рэплікі тыпу «Чаго вы тут трасяце сваімі цыцкамі!». Тым самым суддзя прынізіў чалавечую і грамадзянскую годнасць Юрыя Рубцова, падарваў веру ў тое, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дэмакратычнай і прававой дзяржавай, а чалавек, ягоныя правы і свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай дзяржавы.
З вышэйпералічанымі фактамі жыхар Гомеля звяртаўся да старшыні Вышэйшай кваліфікацыйнай калегіі суддзяў Вярхоўнага суда, адкуль 19 студзеня 2015 года паведамілі аб заканчэнні тэрмінаў прыцягнення адказніка да дысцыплінарнай адказнасці. «Такім чынам, Вышэйшая кваліфікацыйная калегія суддзяў Вярхоўнага суда не аспрэчвае апісаных мною фактаў паводзін адказніка пры выкананні службовых абавязкаў», - прыйшоў да высновы заяўнік.
Памер маральнай шкоды палітвязень ацэньвае ў 18 сярэднямесячных беларускіх заробкаў, які на дзень прычынення маральнай шкоды складаў 6,9 мільёна рублёў. У цвёрдым грашовым выразе памер маральнай шкоды для спагнання - больш за 124 мільёнаў рублёў, і яшчэ выдаткі на падатак.
«Пасля ўваходжання ў законнае дзеянне пастановы суда ў гэтай грамадзянскай справе прашу пералічыць спагнаныя грашовыя сродкі на карысць выдавецтва «Логвінаў», - просіць суд заяўнік.