3 траўня 2024, Пятніца, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскія экспэрты: Місія Мэркель і Аланда невыканальная

13
Амерыканскія экспэрты: Місія Мэркель і Аланда невыканальная

Экспэрты з ЗША не вераць у поспех «місіі» кіраўнікоў Францыі і Нямеччыны.

Учора ў Маскве прайшлі перамовы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і канцлеркі ФРГ Ангелы Мэркель, за ходам якіх сачыў увесь свет. Напярэдадні аналагічныя перамовы адбыліся ў Кіеве з удзелам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. У прэсе выказваліся розныя здагадкі аб выніках дыпламатычных намаганняў еўрапейскіх лідараў. Але вынікам шматгадзінных абмеркаванняў стаў не які-небудзь дакумент, а толькі прапановы, якія ў яго ўключаць.

Амерыканскія экспэрты, апытаныя Рускай службай «Голасу Амерыкі», мяркуюць, што вайну можа спыніць перамоўны працэс. Аднак у іх няма ўпэўненасці ў поспеху місіі Мэркель і Аланда.

Палітолаг Майкл Кофман каментуе: «Дэталяў плана Мэркель, Аланда і дзяржсакратара ЗША Джона Кэры мы пакуль не ведаем. З афіцыйнага паведамлення вядома, што гаворка ідзе пра тыя пункты Менскага пратаколу, якія Расея даўно не збіраецца выконваць. Чаму? Таму што з пункту гледжання Масквы, спачатку Кіеў павінен даць нейкі палітычны статус самаабвешчаным рэспублікам, гэтым апалчэнцам ці як іх яшчэ называюць? Толькі пасля гэтага Масква будзе адцягваць свае войскі, і можна будзе весці гаворку аб аднаўленні межаў Украіны і Расеі. Думаю, што Мэркель і Аланд наведалі Кіеў, каб ацаніць: ці гатовы Кіеў пайсці на кампраміс з Расеяй і даць палітычны статус гэтым самаабвешчаным рэспублікам. Але застаецца пытанне: ці гатовая да міру Масква?»

Стывен Бланк, экспэрт Амерыканскай рады ў замежнай палітыцы адзначае: «Важнымі задачамі замежнай палітыкі Пуціна было ўбіць клін паміж Еўрапейскім Звязам і Злучанымі Штатамі, раскалоць Еўрапейскі Звяз знутры. Таму, выступаючы за прапановы або перамовы з Францыяй і Нямеччынай, ён хоча такім чынам выключыць з працэсу Злучаныя Штаты, бо расейцы хочуць абмежаваць амерыканскі ўплыў у Еўропе. Я думаю, вельмі небяспечна дазваляць весці такую гульню».

Бланк прагназуе: «Пуцін не прыме прапаноў, якія яму зробяць Мэркель і Аланд, бо, па-першае, ён не збіраецца прызнаваць, што ва Украіне знаходзяцца расейскія войскі. І, па-другое, не дазволіць украінскай дзяржаве быць незалежнай. Краіны Захаду могуць прапаноўваць розныя сцэнары, але яны, у сваю чаргу, не пойдуць насустрач (Пуціну) ў пытанні рэальнай незалежнасці Украіны. Таму ў мяне няма асаблівых спадзяванняў на тое, што гэтыя перамовы прывядуць да выніку».

«Сенатар Маккейн мае рацыю, калі кажа пра тое, што кожная пастанова, якая ўшчамляе інтарэсы Украіны, будзе падобная на мюнхенскую змову 1938, - працягвае Бланк. - Пытанне аб аўтаноміі ўкраінскіх рэгіёнаў павінны развязваць самі грамадзяне і ўлады гэтай краіны, але не Расея, Францыя і Нямеччына. І не варта забываць, што калі вы ствараеце такое (аўтаномнае) утварэнне, вы ствараеце базу для новых бясконцых канфліктаў ва ўсёй Усходняй Еўропе і падрываеце асновы існавання незалежнай украінскай дзяржавы - і менавіта гэтага дамагаецца Пуцін».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках