4 траўня 2024, Субота, 2:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хакер з Магілёўскай вобласці сем гадоў шантажаваў інтэрнэт-карыстальнікаў

5
Хакер з Магілёўскай вобласці сем гадоў шантажаваў інтэрнэт-карыстальнікаў

Узломшчык завалодаў асабістай інфармацыяй больш чым 10 мільёнаў карыстальнікаў.

Хакера з невялікага раённага цэнтра Магілёўскай вобласці затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Мужчына 7 гадоў пранікаў на старонкі ў інтэрнэце, ствараў фэйкавыя версіі папулярных сайтаў і з іх дапамогай краў звесткі карыстальнікаў: нумары электронных гаманцоў, паролі ад паштовых скрынь, акаўнтаў у сацсетках, скайпе і іншае. Паводле папярэдняй ацэнкі, узломшчык завалодаў асабістай інфармацыяй больш чым 10 мільёнаў карыстальнікаў, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Злачынствы, якія ён учыняў, можна пералічваць доўга. Мужчына вёў перапіску з гаспадарамі ўзламаных старонак, вымагаў у іх грошы за вяртанне доступу. Выявіўшы пароль ад пошты, скайпу або акаўнта ў сацсетках, ён вывучаў перапіску і выведваў адтуль пашпартныя звесткі або кампрамат - напрыклад, інтымныя фота. Гэтымі здымкамі хакер шантажаваў людзей, атрыманыя ж пашпартныя звесткі выкарыстаў для рэгістрацыі электронных гаманцоў, на якія і выводзіў грошы. Таксама хакер пісаў сябрам людзей, старонкі якіх ён узламаў, і ад імя гаспадара старонкі прасіў пералічыць яму грошы - вядома, людзі не маглі адмовіць прыяцелю. А калі ў руках узломшчыка выяўляліся звесткі аб уладальніках рахункаў розных аплатных сістэм, ён адпраўляў ім лісты нібы ад адміністрацыі гэтых рэсурсаў са спасылкамі на фэйкавыя версіі сайтаў. Людзі заходзілі туды, указвалі логіны - так хакер атрымліваў пароль і мог красці грошы з рахункаў.

Але і гэтага мужчыну было мала. Свае паслугі хакера ён прапаноўваў у інтэрнэце. Такса на ўзлом складала каля 100 даляраў. Але выконваць узятыя на сябе абавязанні ўзломшчык не спяшаўся: браў грошы і знікаў з поля зроку заказнікаў. Усяго да магілёўскага спецыяліста звярнулася каля трох тысяч кліентаў з Расеі, Украіны, Казахстана. Цяпер следства займаецца пошукам гэтых людзей.

- Цяпер мужчына затрыманы, яму выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула 351 КК РБ «Кампутарны сабатаж», - распавяла афіцыйная прадстаўніца ўправы Следчага камітэта Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк.

Усяго за сем гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці хакер з райцэнтра зарабіў каля 70 тысяч даляраў, аднак следства не выключае, што гэтая сума можа быць значна большай. Паводле непацверджанай інфармацыі, грошы хлопец спусціў на прыгожае жыццё, жанчын і дарагое аўто. Многія падрабязнасці справы ў інтарэсах следства не выдаюцца, аднак цалкам імаверна, што хакер працаваў не адзін. Калі віна падазраванага будзе даведзеная, ён можа сесці ў турму на 10 гадоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках