2 траўня 2024, Чацвер, 21:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі амбасадар прыстрашыў Данію ядзернай атакай

55
Расейскі амбасадар прыстрашыў Данію ядзернай атакай

Амбасадар у Даніі паведаміў, што краіна можа стаць цэллю для магчымай ядзернай атакі РФ.

Гэта адбудзецца ў выпадку, калі Данія ўвойдзе ў сістэму супрацьракетнай абароны NATO, піша амбасадар РФ у Даніі Міхаіл Ванін у калонцы для выдання Jyllands Posten (пераклад - Новое время).

"Я не веру, што данійцы цалкам усведамляюць наступствы таго, што здарыцца, калі Данія ўвойдзе ў сістэму супрацьракетнай абароны, якую ўзначальваюць амерыканцы. А будзе тое, што данійскія вайсковыя караблі стануць мішэнямі для расейскіх ракет", - напісаў Ванін.

Паводле ягоных слоў, такая палітыка Капэнгагена прычыніць сур'ёзную шкоду стасункам РФ і Даніі, бо апошняя стане пагрозай для Масквы.

"Гэта, вядома, ваша пастанова - я проста хацеў бы нагадаць вам, што вы страціце і грошы, і бяспеку", - напісаў дыпламат.

Заява амбасадара выклікала здзіўленне і гнеў сярод данійскіх палітыкаў. Міністр замежных спраў Даніі Марцін Лідэгаард паведаміў, што гэта не павінна весці да росту напружання.

"Калі ён паказаў у наш бок, гэта, вядома, недапушчальна. Расея выдатна ведае, што супрацьракетная абарона NATO з'яўляецца абарончай сістэмай і не скіраваная супраць іх. Мы не згодныя з Расеяй у шмат якіх важных рэчах, але важна, каб тон нашай дыскусіі не напальваўся", - пракаментаваў ён.

Раней начальнік узброеных сіл ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс назваў "неразумным" прэзідэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пасля ягоных слоў пра тое, што ён разглядаў магчымасць размяшчэння расейскіх ядзерных сіл у стане баявой гатовасці падчас "крызісу" ў Крыме ў мінулым годзе.

На фота: У лістападзе 2014 года ля меж Даніі быў выяўлены расейскі знішчальнік, які імітаваў ракетную атаку

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках