28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасёлак Трактарнага завода сатруць з мапы Менска

24

Замест рэканструкцыі частку дамоў прысудзілі да зносу. Знікнуць будынкі ніжэй трох паверхаў, на іх месцы пабудуюць сяміпавярховікі.

Лёс некаторых дамоў у раёне вуліц Клумава, Чабатарава, Стаханаўская, Шчарбакова вісіць на валаску не адзін год. Прапановы былі розныя, у тым ліку і радыкальныя - знесці будынкі і пабудаваць шматпавярховікі. Разлік просты: рэканструяваць заўсёды даражэй, чым знесці і пабудаваць новае, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Калі 10 гадоў таму ў некаторых дамах пачыналі капрамонт, спецыялісты звярталіся ў Міністэрства культуры з просьбай надаць аб'екту статус помніка архітэктуры, але атрымалі адмову.

Инфографика: Екатерина МАРТИНОВИЧ

Сёння ўжо вядома: некалькі двухпавярховікаў у раёне знясуць найбліжэйшым часам. З некаторых ужо выселілі жыхароў, а наўзамен старых кватэр далі новыя.

Менчукі тым часам паднялі чарговую хвалю пратэсту. Дзеячы культуры, архітэктуры, турызму і мастацтва звярнуліся да новага мэра, з прапановай зрабіць пасёлак Трактарнага завода гісторыка-культурным аб'ектам еўрапейскага значэння. У іх ліку архітэктары Армэн Сардараў, Уладзімір Трацэўскі, Вадзім Гліннік, мастакі-дызайнеры Уладзімір Цэслер і Артур Клінаў, паэт Віктар Жыбуль, старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, гісторык Захар Шыбека - усяго 30 чалавек, многія з якіх нарадзіліся ў гэтым кутку Менска.

Галоўная просьба - скасаваць пастанову аб зносе двухпавярховікаў, правесці новае абмеркаванне архітэктурных праектаў раёна, вярнуць яму аблічча 1940-1950-х гадоў, у тым ліку - «упрыгожванне ў выглядзе шматлікай малой скульптуры, ляпнога дэкору на фасадах дамоў і іншае - усё, што было згублена за мінулыя 70 гадоў».

Выказаўся з нагоды пасёлка і новы архітэктар сталіцы Павел Лучыновіч. На пасяджэнні гарвыканкама ён сказаў, што будынкі ў пасёлку Трактарнага завода маюць сумнеўную гістарычную каштоўнасць.

- У 90-я гады грошай у Трактарнага завода на абслугоўванне дамоў стала не хапаць. Па частках іх пачалі перадаваць на баланс розных арганізацыям - распавядае былая жыхарка раёна, а заадно і былы супрацоўнік мясцовага ЖЭСа, з якой журналісты сустрэліся ў пасёлку.

Многія мясцовыя дагэтуль лічаць родны раён элітным. Іх можна зразумець. Абгароджаная тэрыторыя, вялікія ціхія двары, але метро і праспект - побач. У кожным доме ўсяго восем кватэр, плошча двара - не менш за гектара, праблем няма ні з паркоўкай, ні з выгулам сабак, ні з дзіцячымі пляцоўкамі. Як асобны горад, і ўсе адзін аднаго ведаюць.

- Мы ўжо тут 53 гады жывем - кажа Надзея Міхайлаўна, пазіраючы на свайго дзеда. - Коля мой на заводзе працаваў, а я ў садку ўсё жыццё і адпрацавала. Суседзяў нашых адсяляць, а мы застаемся, у нас пару гадоў таму рамонт зрабілі, трубы не цякуць ужо.

У суседнім доме ў фургон загружаюць рэчы - людзі пераязджаюць. Дзе-нідзе вокны ў доме ўжо залепленыя і забітыя, тут ніхто не жыве. Дзверы ў кватэру адкрытыя.

- Я жыву тут з нараджэння, 35 гадоў ужо - кажа Наталля Лукашэвіч. - Кватэру атрымаў яшчэ мой дзядуля, працаваў на Трактарным заводзе. Пераязджаем у Грушаўку, у новабудоўлю. Да пераезду рыхтаваліся паўгода. Спачатку не хацелі, цяпер прызвычаіліся... Замест нашай траячкі выдзелілі двухпакаёўку, але кватэра вельмі падабаецца - у ёй на ровары катацца можна, прасторная, з вялікай кухняй. Тут амаль немагчыма жыць было. Ванная і кухня маленечкія, усе трубы цякуць, і сцяна ўся ў расколінах...

- Суседзі вашыя таксама пераедуць?

- Так, многім далі кватэры, але ўсім у розных раёнах - на праспекце Дзяржынскага, у Шабанах, у Лошыцы. А хтосьці яшчэ чакае ордэр.

Гісторыя «пасёлка» ў раёне Трактарнага завода доўга замоўчвалася. Дамы для рабочых там пабудавалі аднымі з першых у пасляваенным Менску. Як і сам завод, у 40 - 50-я гады пасёлак будавалі простыя рабочыя, савецкія зэкі, палонныя жаўнеры і афіцэры Вермахта. Заводу наканавана было стаць горадаўтваральным прадпрыемствам усесаюзнага значэння. Так што за будоўляй уважліва сачылі асабіста Панамарэнка і Сталін.

У першыя двухпавярхоўкі навасельцы заехалі ў 1946 годзе. Для іх дамы з ацяпленнем былі сапраўднай раскошай. За ўтульныя вулачкі і непадобныя адзін да аднаго невысокія домікі раён празвалі Маленькім Парыжам, хтосьці называе Манмартр, параўноўваючы з вядомым бульварам, а хтосьці проста з вёскай. Бо ўсе адзін аднаго ведаюць!

Самыя парадныя дамы ў пасёлку - з боку вул. Алега Кашавога. Тут быў і дом з вежай, некалі ўвянчаны шпілем. За ім - больш сціплыя домікі. Як сцвярджаюць спецыялісты, пры забудове выкарыстоўваліся тыпавыя праекты двух- і трохпавярховых дамоў. Тым не менш большасць кварталаў у пасёлку забудаваныя дамамі розных серый, і два аднолькавыя дамы па суседстве - вялікая рэдкасць.

Былі і іншыя цікавосткі. На бульвары Трактарабудаўнікоў у свой час красаваліся статуі футбалістаў і дзяўчат, якія гуляюць у мяч, было шмат каменных ваз, арак, фантанаў. На месцы, дзе цяпер будуюць царкву, раней быў «піянерскі» сквер з цікавымі скульптурамі. Цікавая падрабязнасць: у праектаванні бульвара браў удзел знакаміты архітэктар Зіновій Разенфельд, аўтар Кутузаўскага праспекта ў Маскве. Ён жа - аўтар самага цікавага дома ў пасёлку на рагу вул. Клумава і Стаханаўскай. Парадны ўваход там ахоўвае Пасейдон з двума німфамі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках