Тэгеран адхіліў прапановы Абамы аб ядравай праграме
1- 3.03.2015, 20:05
- 10,248
Іран адхіліў патрабаванне амэрыканскіх улад замарозіць ядравую праграму Тэгерана як мінімум на 10 гадоў.
Са слоў міністра замежных спраў Ірана Джавада Зарыфа, патрабаванні Вашынгтона былі "празмерныя і нелагічныя", перадае BBC.
Таксама іранскі міністр адзначыў, што прэзідэнт ЗША Барак Абама прамаўляў у "непрымальнай і пагрозлівай" манеры.
Раней Абама заявіў, што для падпісання міжнароднага пагаднення аб іранскай ядравай праграме Тэгеран павінен замарозіць яе як мінімум на 10 гадоў.
У інтэрв'ю агенцтву Ройтэрс амэрыканскі прэзідэнт сказаў, што шанцы дамовіцца аб гэтым з Іранам невялікія, аднак усякая альтэрнатыва будзе яшчэ горшая.
У аўторак перад кангрэсам ЗША павінен выступіць прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньяху, які, як чакаецца, выкажацца супраць прапанаванай угоды з Іранам.