27 красавiка 2024, Субота, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следчы камітэт адмовіўся шукаць карупцыю ў Нясвіжскім РАУС

9
Следчы камітэт адмовіўся шукаць карупцыю ў Нясвіжскім РАУС

Актывіст прафзвязу Аляксандр Вайцешык атрымаў афіцыйны адказ са Следчага камітэта на сваю скаргу.

Дакумент падпісаў старшы лейтэнант юстыцыі Алег Гурын. У лісце паведамляецца, што паводле ягонай заявы была праведзеная праверка карупцыйных праяў у дзеяннях супрацоўнікаў Нясвіжскага РАУС, з вынікаў якой заяўніку адмоўлена ў распачынанні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю грамадска небяспечнай дзеі, піша praca-by.info.

- Па-мойму, такі адказ тлумачыцца досыць проста. Нясвіж - маленькі гарадок, усе адзін аднаго ведаюць. Праверку праводзіў старшы лейтэнант, а ў міліцыі супраць мяне дзейнічалі капітан і маёр. Напэўна, парушэнняў моцна не шукалі, - сказаў Аляксандр Вайцешык. - Раней я атрымаў адказ з УУС Менаблвыканкама. У лісце паведамляецца, што пасля «дбайнай праверкі» парушэнняў таксама не выяўлена.

Прававы інспектар прафзвязу РЭП не згодны з высновамі праверкі Следчага камітэта і накіраваў заяву ў пракуратуру Нясвіжскага раёна, у якім просіць праверыць законнасць і абгрунтаванасць пастановы СК.

Нагадаем, восенню мінулага года Аляксандр Вайцешык тры дні правёў за кратамі Нясвіжскага РАУС. У пункце грамадскага харчавання ён папрасіў выдаць яму кнігу скаргаў і заўваг, аднак буфетчыца і дырэктар установы адмовіліся гэта зрабіць. Гэтая кніга павінна выдавацца з першага патрабавання кліенту, таму прававы інспектар прафзвязу РЭП выклікаў міліцыю.

Паколькі ўсё паказвала, што актывіст прафзвязу меў рацыю ў сваім патрабаванні, то капітан Радчанка стаў складаць пратакол, але нечакана яму нехта патэлефанаваў, і супрацоўнікі міліцыі адвезлі Аляксандра Вайцешыка ў Нясвіжскі РАУС. Там сітуацыя вакол кнігі скаргаў ужо кардынальна памянялася: актывіста абвінавацілі ў дробным хуліганстве паводле артыкула 17.1 КаАП, нібыта ён нецэнзурна лаяўся.

Тры дні Аляксандр Вайцешык правёў у ізалятары часовага ўтрымання, дзе абвясціў галадоўку. Яго вызвалілі толькі пасля званкоў кіраўніцтва прафзвязу РЭП і прадстаўнікоў СМІ.

Прававы інспектар прафсаюза РЭП накіраваў некалькі скаргаў з нагоды свайго затрымання і ўтрымання ў жахлівых умовах у ІЧУ. Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС пагадзіўся з яго довадамі і загадаў адрамантаваць камеры ў ізалятары.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках