28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары двара ў цэнтры Менску пратэстуюць супраць ушчыльнення

9

Супраць забудовы падпісаліся 450 жыхароў.

Адцінак у квартале, абмежаваным вуліцамі Кірава, Свярдлова, Ульянаўскай, Бабруйскай, напрыканцы мінулага года сышоў з малатка. Права праектавання і будаўніцтва будынкаў у двары аднаго з дамоў-вежаў атрымаў забудоўшчык ААТ «10 УНР-інвест». У планах інвестара - жылы дом падвышанай камфортнасці з падземным паркінгам. Але супраць забудовы падпісаліся 450 жыхароў, паведамляе «Рэспубліка».

Грудзячыся на будучай пласе дваровай плошчы, грамадзяне не стрымліваюць эмоцый: «Інвестар не пройдзе! Што, трэба ў цэнтр з кранамі залазіць і зямлю адкусваць? За кальцавую хай ідуць!» Адзін з ініцыятараў пратэсту Дзмітрый Балаш заклікае сход да парадку. Перагортваючы альбом перапіскі з адказнымі за пераразмеркаванне двара інстанцыямі, мужчына запэўнівае, што ініцыятыўная група тэрыторыю не аддасць: «Спартовую пляцоўку заставілі сметніцамі. Ад некалькіх дзіцячых пляцовак засталося двое іржавых арэляў. Былы будынак дзіцячага садка адрамантавалі год таму, а цяпер прыбраць задумалі».

Дамы-вежы называюць візітнай карткай горада. Так, так і ёсць, але... Яе зваротны бок непрэзентабельны. Старыя гаражы і, нягледзячы на культурны цэнтр, неакультураны двор. Са славутасцяў - магутныя дрэвы і абноўлены адміністрацыйны будынак. Сюды і мае намер нацэліць будаўнічую тэхніку інвестар, які перамог у аўкцыёне.

Жыхары адаслалі не адзін пратэстны ліст у адміністрацыю Кастрычніцкага раёна, Менгарвыканкам, Міністэрства культуры, прадаўцу і пакупніку права на забудову. У адказе намесніка старшыні Менгарвыканкама Віктара Лапцева тлумачыцца, што ўшчыльніць квартал наважылі яшчэ восем гадоў таму. Гэта дазволілі дзейсныя будаўнічыя і санітарна-гігіенічныя нормы. Дэталёвы план забудовы ўзгаднілі з Міністэрствам культуры.

А раптам падчас будаўнічых работ сарвецца гадзіннік з вежы, упадзе статуя або сцены пойдуць па швах, перажывае адзін з удзельнікаў пратэсту Вячаслаў: «Мы можам памыляцца, але няхай нам адкажуць на аснове экспэртызы, дзе мы не маем рацыі. Растлумачце, чаму тут павінны стаяць дом і паркоўка. Што, няма іншай зямлі?»

Пра тое, што ў іх двор прыйдуць будаўнікі, жыхары даведаліся ўжо пасля аўкцыёну. Са слоў Дзмітрыя Балаша, ніводзін з тых, хто падпісаўся, не прысутнічаў на грамадскім абмеркаванні гэтага пытання. Згодна з паперамі яно адбылося напачатку 2007 года.

Дырэктар ААТ «10 УНР-інвест» Ігар Цыплакоў паказвае карцінку: «Спецыяльны бур дазваляе працаваць ціха і якасна. Біць палі і скалынаць раён ніхто не збіраецца. Знос гаражоў кампенсуем. Паверхавасць будзе залежаць ад колькасці кватэр. Каб не парушыць твар «брамы», не будзем падымаць будынак вышэй за нагу статуі над вежай. Ён будзе ў гармоніі з існымі пабудовамі. Зялёныя насаджэнні захаваем максімальна. Трансфарматарная падстанцыя ў напаўразбураным стане трапіць пад рэканструкцыю. Новае абсталяванне паставім. Вады і каналізацыі хопіць усім.

Кінутых праектаў у гісторыі нашай арганізацыі няма. Прадпрыемству амаль сто гадоў - імя і досвед напрацаваныя. Асноўная ідэя праекта - энэргазберажэнне. Абсталяванне трэба закупляць за мяжой. У нас ёсць трывога з гэтай нагоды, але мы адказваем за сваю працу».

Жыхары наракаюць на тое, што інвестар мае стасункі толькі з чальцамі гаражнага кааператыва. Праект будучага будынку ім не паказваюць. Адміністрацыя раёна адмаўляе ў паўторным абмеркаванні. Вядома, што трывогу спараджае як раз недахоп інфармацыі. Грамадзяне згодныя ўпусціць у двор будаўнікоў, але толькі на будоўлю сацыяльных аб'ектаў: дзіцячага саду, школы, спартовай або дзіцячай пляцоўкі.

Аднак ушчыльненне - частка генеральнага плана. Мінімізаваць пабочны эфект гэтай меры для менчукоў дапаможа супольнае абмеркаванне. Жыхары таксама хочуць быць датычныя да лёсу двара. Магчыма, у праект забудовы варта ўключаць і сацыяльныя аб'екты, як гэта было ў 50-х гадах, калі на першых паверхах дамоў размяшчаліся, напрыклад, дзіцячыя ўстановы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках