27 красавiка 2024, Субота, 19:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі выступіў на сесіі Рады правоў чалавека ААН

3

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» выступіў на 28-й сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэневе.

У сваім троххвілінным выступе Алесь Бяляцкі змог раскрыць важнасць дзейнасці праваабаронцаў і праблемы пераследу іх і іншых сацыяльных актывістаў у Беларусі і свеце. А таксама звярнуў увагу на неабходнасць ужывання захадаў для іх абароны на міжнародным узроўні, піша сайт ПЦ «Вясна».

«Праваабаронцы сутыкаюцца са шматлікімі перашкодамі ў сваёй дзейнасці. Стала падвяргаюцца застрашванням, нападам, жорсткаму абыходжанню, забойствам, гвалтоўным знікненням, паклёпу, незаконнаму сачэнню, адвольным затрыманням. Супраць іх накіраваныя законы, якія трактуюць іх легітымную дзейнасць, як антыдзяржаўную, і якія надаюць ім зневажальны, хлуслівы ярлык «замежных агентаў», як гэта робіцца ў Расеі», - сказаў праваабаронца падчас выступу.

Са слоў Бяляцкага, нягледзячы на міжнародныя стандарты, прастора для дзейнасці грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у свеце «знаходзіцца пад пагрозай ці ж скарачаецца», а «рэпрэсіўныя рэжымы кідаюць за краты мірных актывістаў паводле розных сфабрыкаваных абвінавачванняў», піша БелаПАН.

Бяляцкі нагадаў, што Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў ягонае ўтрыманне пад вартай наўпроставым следствам парушэння ягонага права на свабоду аб'яднанняў. «Маніпуляцыі з унутраным заканадаўствам краін супраць праваабаронцаў не могуць схаваць ад міжнароднай грамадскасці грубыя парушэнні правоў чалавека», - падкрэсліў Бяляцкі.

З ягоных слоў, «рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ідуць разам з нападкамі на ўніверсальны характар правоў чалавека пад прыкрыццём захавання традыцый, рэлігіі або каштоўнасці». «Падтрымліваючы права на развіццё ўнікальных чалавечых культур, мы выступаем супраць выкарыстання гэтых паняццяў для рэпрэсій, падрыву міжнародных стандартаў і асноўных свабод», - сказаў праваабаронца.

Бяляцкі падкрэсліў: у краінах, дзе ідзе пераслед права і свабоды, заявы і пастановы ААН, якія тычацца правоў чалавека, з'яўляюцца важным палітычным стымулам, які падтрымлівае грамадзян. «Краінавыя мандаты даказалі сваю аб'ектыўнасць і карыснасць у сітуацыі сістэматычных парушэнняў правоў чалавека. Трыбуну і працу краінавых дакладчыкаў ААН неабходна абараняць і заахвочваць», - рэзюмаваў беларускі праваабаронца.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі правёў больш за тысячу дзён у папраўчай калоніі і вызвалены ў чэрвені 2014 года. Яго судзілі за ўтойванне даходаў, але праваабарончыя арганізацыі перакананыя, што прычынай крымінальнага пераследу стала грамадская дзейнасць Бяляцкага, у сувязі з чым ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках