28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Лукашэнка баіцца народа, таму сустракаецца з сілавікамі

70
Генадзь Фядыніч: Лукашэнка баіцца народа, таму сустракаецца з сілавікамі

А можа лепш сысці ў адстаўку?

Старшыня Прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч прокаментаваў сайту charter97.org заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «ніякім плошчам у Беларусі не бываць», зробленую дыктатарам падчас наведвання вайсковай часткі 3214 у Менску.

- Калі штосьці доўга забараняюць, людзям становіцца цікава, што ж гэта такое, і яны захочуць гэта ўбачыць. Лукашэнка так можа «дагаварыцца». Калі занадта часта казаць «не выходзьце», то людзі абавязкова выйдуць самі, - сказаў лідар Прафзвязу.

- Чаму пра плошчы дыктатар кажа, выступаючы менавіта перад сілавікамі? 23 лютага Лукашэнка сказаў пра гэта перад чыноўнікамі Мінабароны, сёння - перад спецназаўцамі.

- Калі б улады адчувалі сябе спакойна і не баялася б уласнага народа, то такіх заяў не было б. Зразумела, што гэта афішуецца для таго, каб пераканаць людзей, што ў Беларусі немагчымы ўкраінскі сцэнар. Але колькі можна на гэтым спекуляваць? Беларусы і так ведаюць пра сітуацыю ва Украіне, ведаюць пра тое, якія там ёсць плюсы і мінусы.

- Такія заявы гучаць на фоне пратэстаў прадпрымальнікаў, звальненняў працоўных з буйных прадпрыемстваў, нявыплаты заробкаў, дэвальвацыі. Звязаныя яны з сітуацыяй, якая склалася ў эканоміцы краіны?

- Такога складанага перадвыбарчага года ў Беларусі яшчэ ні разу за час кіравання Лукашэнкі не было. Таму такія заявы гучалі ўжо некалькі разоў пасля апошняга абрынання беларускага рубля. Сітуацыя такая, што хутка ў сем'ях не будзе хапаць грошай. Гэта хвалюе кожнага працоўнага - народ хоча нармальна працаваць і атрымліваць добры заробак. Але замест таго, каб прапанаваць нейкія крокі рэфармавання эканомікі, каб накіраваць яе развіццё ў нармальнае рэчышча, ад улады мы чуем заявы з заклікамі не выходзіць на плошчу.

У тых жа спецназаўцаў ёсць бацькі, сваякі, якія працуюць у арганізацыях, на прадпрыемствах тры-чатыры дні на тыдзень. Яны не могуць не ведаць аб праблемах у эканоміцы. Таму такімі забаронамі ўлады нічога не даб'юцца. Трэба было даўно раіцца з народам, слухаць сваіх суседзяў. Цяпер, калі да выбараў засталося мала часу, такіх заяў аб плошчы, пра тое, што войска павінна забяспечыць спакойнае правядзенне выбараў, будзе ўсё больш. Пытанне ў тым, ці захочуць людзі ісці на гэтыя выбары. Я не здзіўлюся, калі Лукашэнка выдасць указ аб прымусовым удзеле ў іх, пра тое, каб права галасаваць зрабіць абавязкам.

Цяпер у краіне праблемы на рынках, людзі сталі менш купляць у крамах ежу і тавары. Скарачаюць работнікаў на прадпрыемствах. Ёсць вялікія запазычанасці ў крамаў, якія не могуць рэалізаваць тавар. Становішча дрэннае, калі не сказаць яшчэ горш. Вінаватая ў гэтым улада. Калі там не хапае прафесіяналаў, не хапае кампетэнтных людзей, якія ведаюць, што рабіць, то трэба проста падзякаваць народу за цярпенне і сысці ў адстаўку!

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках