3 траўня 2024, Пятніца, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

П'янага расейца ў Берасці затрымлівалі з пагоняй і ўжываннем сілы

12

Мінулай ноччу ў Берасці кіроўца Volkswagen Vento з расейскімі нумарамі паставіў «на вушы» мясцовую ДАІ.

П'яны мужчына ўцякаў па сустрэчнай паласе, парушаючы ўсе магчымыя ПДР, ледзь не збіў на скрыжаванні пешаходаў, якія пераходзілі дарогу на зялёны, а пры затрыманні нават спрабаваў аказваць супраціў інспектарам. Парушальніка ўсё ж даставілі ў міліцыю. Пры сабе ў яго не было ніякіх дакументаў. Медычны агляд выявіў у затрыманага больш за 2 праміле алкаголю. Пра абставіны здарэння расказала карэспандэнту оnliner.by начальніца аддзялення ДАІ Берасцейскай вобласці Наталля Сахарчук.

Экіпаж ДАІ рухаўся ноччу па вуліцы Маскоўскай у Берасці. Раптам па сустрэчнай паласе пранёсся Volkswagen Vento з расейскімі нумарамі (90-й рэгіён - Маскоўская вобласць). Інспектары ўключылі пробліскавыя маячкі і пусціліся ў пагоню. «Кіроўца праігнараваў неаднаразовыя патрабаванні аб прыпынку і працягваў рух. Ён рухаўся ў кірунку выезду з горада. Дадаваў хуткасць, пастаянна парушаючы ПДР. На адным з пешаходных пераходаў ён ледзь не збіў людзей, якія пераходзілі праезную частку на зялёны свет. Кіроўца прамчаўся на чырвоны, спрабуючы сысці ад пагоні», - распавяла Наталля Сахарчук.

Урэшце на вуліцы Медыцынскай уцекача затрымалі. Інспектары ДАІ падышлі да аўто, адкрылі дзверы. «Кіроўца павёў сябе неадэкватна - ён паспрабаваў імкліва ірвануць з месца і з'ехаць. Але інспектар паспеў выцягнуць ключы. Тады мужчына стаў нецэнзурна лаяцца, аказваць усялякі супраціў, хапаў інспектараў за абмундзіраванне. Прыйшлося ўжыць фізічную сілу і спецсродкі. Затрыманага ў кайданках даставілі ў міліцыю. Пры сабе ў яго не было ніякіх дакументаў», - адзначыла Наталля Сахарчук.

Медычны агляд выявіў у затрыманага больш за 2 праміле алкаголю ў крыві. На сёння ягоная асоба яшчэ не была ўсталяваная. Кіроўца прадставіўся і назваў год свайго нараджэння (1984), аднак гэтая інфармацыя павінна быць правераная. «Калі асоба ўсё ж будзе ўстаноўленая, у дачыненні да яго будзе складзены цэлы «букет» пратаколаў, у тым ліку за неаднаразовае невыкананне патрабаванняў аб прыпынку, язду ў стане алкагольнага ап'янення, праезд на забараняльны сігнал святлафора, стварэнне аварыйнай абстаноўкі, парушэнне правілаў праезду пешаходнага пераходу і т. д.», - падкрэсліла прадстаўніца ДАІ.

Яна таксама адзначыла, што апошнім часам у Берасці і Берасцейскай вобласці пачасціліся выпадкі затрымання на дарогах кіроўцаў з Расеі ў стане алкагольнага ап'янення. «Зусім нядаўна ў даход дзяржавы быў канфіскаваны новенькі Range Rover 2014 выпуску, прама з салона. Кіроўца, грамадзянін Расеі, прымудрыўся двойчы за год трапіцца за стырном п'яным. ДАІ выяўляла і працягне выяўляць такія факты, а парушальнікаў чакае самае строгае пакаранне ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», - заявіла Наталля Сахарчук.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках