У Маскве затрыманыя ўдзельнікі адзіночных пікетаў
5- 19.04.2015, 15:53
- 3,323
У аднаго з затрыманых быў плакат «Пуцін - гэта Гітлер сёння».
У Маскве сёння апазіцыя праводзіць серыю адзіночных пікетаў. Пастанова аб арганізацыі адзіночных пікетаў з наступным ускладаннем кветак на месцы загубы Барыса Нямцова была прынятая пасля таго, як улады Масквы забаранілі апазіцыянерам правесці «Марш міру і свабоды» ў цэнтры горада.
Паводле інфармацыі сайта «АУС-Інфа», на Цвярской затрыманыя чатыры актывісты, якія праводзілі адзіночныя пікеты. Гэта Павел Кузняцоў, Міхаіл Лашкевіч, Віктар Андрэеў і Ірына Калмыкава. Паведамляецца, што Кузняцоў трымаў плакат, на якім было напісана: «Пуцін - гэта Гітлер сёння».
Пазней стала вядома, што Калмыкава адпусцілі з АУС Цвярское пасля прафілактычнай гутаркі, паведамляе «Радыё Свабода».
Раней паведамлялася, што ўлады Масквы папярэдзілі прадстаўнікоў апазіцыі аб адказнасці за спробу правесці сёння ў цэнтры сталіцы няўзгодненую акцыю. Як заявіў «Інтэрфаксу» кіраўнік сталічнага дэпартамента рэгіянальнай бяспекі і процідзеяння карупцыі Аляксей Маёраў, мэрыя праінфармавала праваахоўныя органы, што акцыя ні ў якім фармаце праводзіцца не можа, і папрасіла ўзяць сітуацыю пад кантроль.