27 красавiка 2024, Субота, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: «Такога Першамая за 20 гадоў кіравання Лукашэнкі яшчэ не было»

15
Генадзь Фядыніч: «Такога Першамая за 20 гадоў кіравання Лукашэнкі яшчэ не было»
Генадзь Фядыніч
ФОТА: «Салідарнасць»

Беларускія працоўныя жывуць з думкамі пра заўтрашні дзень: як пражыць ад заробку да заробку.

Напярэдадні 1 траўня «Салідарнасць» звярнулася да прафзвязавага лідара Генадзя Фядыніча, каб даведацца, з якім настроем беларусы рыхтуюцца сустракаць Дзень Працы.

- Хачу адзначыць, што 1 траўня - гэта Міжнародны дзень салідарнасці за правы працоўных. Гэта ў Беларусі свята працы. Цяпер цяжка сказаць, нават заплюшчыўшы вочы, што сёння праца - гэта свята для чалавека. Па-першае, гэтай працы няма ў тым выглядзе, каб да яе прыкладаўся нармальны заробак. Цяпер людзі жывуць з думкамі пра заўтрашні дзень: як пражыць ад заробку да заробку. І я вам шчыра скажу, што такога Першамая не было за ўсе гады кіравання Лукашэнкі, - распавёў лідар Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Суразмоўца адзначыў, што на гэты момант сітуацыя ў эканоміцы выглядае тупіковай:

- Выйсця пакуль не відаць. Так, каб народ ведаў, каб яму адкрыта сказалі: «Вось тут такое выйсце ёсць. Трэба зацягнуць паясы, і мы праз тры месяцы, праз паўгода станем жыць лепш». Гэтага не гучыць, пэўнасці няма.

Генадзь Фядыніч нагадаў пра асаблівасці святкавання Першамая ў гэтым годзе. З ягоных слоў, у той час, як ва ўсім свеце пройдуць традыцыйныя дэманстрацыі, у Беларусі вулічныя мерапрыемствы наважылі не праводзіць:

- ФПБ наважыла гэтым разам ушаноўваць сямейныя дуэты або трыо, якія працуюць на адным прадпрыемстве. Безумоўна, гэта заслугоўвае ўвагі, але не ў Дзень працы.

1 траўня, на думку прафзвязавага лідара, працоўны беларус павінен выказацца публічна пра набалелае, аб надзённых праблемах. І калі б улада прыслухоўвалася да такога меркавання, то яна павінна была б даць людзям працы такую магчымасць:

- Рабочыя павінны выказацца: да чаго яны рыхтуюцца і да чаго павінна быць гатовая дзяржава. Але, на жаль, улада робіць толькі тое, што ўважае за патрэбнае для сябе.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках