Дэпутат Вярхоўнай Рады Ігар Гузь: Лукашэнка гатовы ў любы момант здаць Крамлю ўсе пазіцыі
80- 23.05.2015, 8:46
- 22,962
Афіцыйны Менск не з'яўляецца партнёрам для Украіны ў яе барацьбе за еўрапейскі выбар і незалежнасць ад Масквы.
Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org распавёў народны дэпутат Украіны ад партыі «Народны фронт», намеснік старшыні Камітэта Вярхоўнай Рады ў замежных справах Ігар Гузь.
- Беларуская дэлегацыя на саміце ў Рызе адмовілася падпісаць выніковы мемарандум праз пункт, які асуджае расейскую анэксію Крыма. Да гэтага Лукашэнка на з'ездзе прафсаюзаў абвінаваціў удзельнікаў сустрэчы ў «антырасейскіх» заявах. Як гэта адаб'ецца на стасунках паміж афіцыйным Менскам і Кіевам?
- У такіх паводзінах Лукашэнкі няма нічога дзіўнага. Ужо доўгі час ён лавіруе паміж Крамлём і Захадам і імкнецца выгандляваць прэферэнцыі і там, і там. Гэта паводзіны чалавека, які не мае выразнай пазіцыі, яны не выклікаюць даверу. На жаль, Беларусь не з'яўляецца стратэгічным партнёрам Украіны ў нашай барацьбе за незалежнасць, бо беларуская ўлада ў кожны момант можа здаць Крамлю ўсе пазіцыі. У першую чаргу гэта тычыцца мяжы паміж Беларуссю і Украінай, якая можа ў любы момант апынуцца неабароненай. Рыжскі саміт таксама вельмі важны для Кіева. Гэта сігнал для нас – ці рухаемся мы куды-небудзь, ці стаім на месцы, і хто нашы сябры. Беларусь, як бачым, нам, на жаль, не дапамагае.
- Дзе, на вашую думку, Украіне варта шукаць хаўруснікаў у Беларусі?
- Гэта вельмі складанае пытанне. Відавочна, што афіцыйныя ўлады Украіны будуць і далей спрабаваць весці дыялог з Лукашэнкам, хоць гарантый падтрымкі ад яго ніякіх няма. Беларусь, на жаль, недэмакратычная краіна. Таму тут складана, як у іншых краінах, у выпадку, калі нас не падтрымлівае ўлада, знайсці падтрымку ў альтэрнатыўных палітычных сілах.
Я думаю, што наш прэзідэнт і прэм'ер будуць усё-такі спрабаваць працаваць непасрэдна з Лукашэнкам і будуць баяцца рабіць жорсткія заявы пра правы чалавека ў Беларусі і падтрымку апазіцыі. Ёсць асобныя дэпутаты ў Вярхоўнай Радзе - і я ў тым ліку - якія разумеюць праблему наяўнасці ў Беларусі дыктатарскага рэжыму. Мы дакладна стаім на пазіцыях супраць Лукашэнкі, лічым яго дыктатарам, які вядзе Беларусь кудысьці не туды. Нас меншасць, але будзем спрабаваць нешта мяняць на сваім узроўні.