На Луганшчыне затрымалі беларусаў, якія ехалі ваяваць за тэрарыстаў «ЛНР»
46- 24.05.2015, 17:44
- 32,568
Грамадзяне Беларусі паведамілі, што ехалі ваяваць да верхавода батальёна прарасейскіх тэрарыстаў «Прывід» Аляксея Мазгавога ў Алчэўск.
На блокпосце пры выездзе з Лісічанска Луганскай вобласці былі затрыманыя двое беларусаў 37 і 34 гадоў з Берасцейскай вобласці. Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паведамляе кіраўнік вайскова-грамадзянскай адміністрацыі Луганскай вобласці Генадзь Маскаль.
Маскаль паведаміў, што мужчыны спрабавалі прабрацца на акупаваную тэрыторыю і хацелі ваяваць на баку тэрарыстаў. Адзін з іх - былы дэсантнік, іншы не служыў, але знаходзіцца ў рэзерве на вайсковым уліку.
Грамадзяне Беларусі нелегальна перайшлі дзяржаўную мяжу Украіны ў Валынскай вобласці, а затым праз Шацк, Ковель, Кіеў і Харкаў дабраліся да Луганшчыны.
Затрыманыя спачатку тлумачылі, што хочуць трапіць у акупаваны Перавальск як быццам да сваякоў, але потым прызналіся, што напраўду ехалі ваяваць на баку тэрарыстычнай «ЛНР», канкрэтна - забітага напярэдадні верхавода батальёна прарасейскіх тэрарыстаў «Прывід» Аляксея Мазгавога ў Алчэўск.
Са слоў Маскаля, затрыманыя прабіраліся ў Данбас не з ідэалагічных меркаванняў, а каб зарабіць грошай. «Гэта затрыманне фактычна выратавала іх ад вялікай дурасці, а можа і ад смерці», - паведаміў Маскаль, дадаўшы, што, хутчэй за ўсё, іх проста адправяць назад у Беларусь.