28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Парфянкоў: Мой пазыўны «Сябра»

29
Васіль Парфянкоў: Мой пазыўны «Сябра»
ВАСІЛЬ ПАРФЯНКОЎ

Былому беларускаму палітвязню, які цяпер ваюе на Данбасе, уручаная Нацыянальная прэмія.

Васіль Парфянкоў стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасць». Прэмію ўжо 17 гадоў уручае сайт charter97.org.

Лёс Васіля Парфянкова - дэманстрацыя таго, як у Беларусі распраўляюцца з іншадумцамі. За апошнія чатыры гады Парфянкоў тры разы быў за кратамі за актыўную грамадскую пазіцыю.

Цяпер Васіль Парфянкоў ваюе на Данбасе ў складзе добраахвотніцкага батальёна АУН. Прэмію лаўрэату галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна ўручыла ў Кіеве.

«Дзякую. Не чакаў. Для мяне гэта вялікі гонар», - сказаў былы палітвязень.

- Васіль, дзе цяжэй у ПКТ або на вайне?

- Вядома, гэтыя рэчы нельга параўноўваць. Бо ў ПКТ, як бы цяжка там ні было, не страляюць. А на вайне штодня хтосьці гіне, штодня льецца кроў. Дзякуй Богу, у нас у батальёне параўнальна невялікія страты. Хоць жыццё кожнага чалавека неацэннае.

- Усё больш беларусаў з'язджае ваяваць на ўсход Украіны. Чаму, на твой погляд, гэта адбываецца?

- Мы заўсёды былі братамі. Украінскі і беларускі народ заўсёды былі братнімі. Мы разам біліся на Сініх Водах і пад Грунвальдам. І цяпер б'емся разам.

Сапраўды, шмат беларусаў прыязджае. Усё больш і больш. У нас у Пясках ёсць такая пазіцыя «дом». На гэтай пазіцыі стаіць «Правы сектар» і з 18-ці яго байцоў 12 - беларусы. Украінцы жартуюць, што «зялёныя чалавечкі» з Беларусі анэксавалі Данбас.

- Ты бачыў беларусаў і на тым баку. Ваююць супроць цябе землякі?

- Сапраўды, трапляліся. Аднаго затрымалі пры мне. Праўда, я не паспеў з ім пагаварыць. 12 лютага я акурат стаяў на варце. Мне ў рацыю кажуць: «віншуем цябе, Сябра (гэта мой пазыўны), земляка злавілі».

Пакуль я вызваліўся, прыйшоў у штаб, яго ўжо забралі супрацоўнікі СБУ. Хлопцы казалі, што ён з Маладзечна. Бачылі ягоны пашпарт.

- У Беларусь збіраешся вяртацца?

- Я вельмі тужу аб Беларусі і хачу вярнуцца. Тужу аб Менску, аб бацьках, аб сёстрах, аб сябрах. Але пакуль у нас такая ўлада, за ўдзел у гэтай вайне мне «свеціць» 15 гадоў за найміцтва. Таму найбліжэйшым часам немагчыма вярнуцца.

- Вось ты разам з многімі беларусамі ваюеш за Украіну, дагэтуль на Майдане загінуў Міхаіл Жызнеўскі. Але ў той жа час украінскія ўлады сёння сустракаюцца з Лукашэнкам, ігнаруючы беларускую апазіцыю, сем'і палітвязняў. Не крыўдна?

- Цяжка пра гэта казаць. Бо, сапраўды, украінскія ўлады так і не ўшанавалі належным чынам памяць Міхаіла Жызнеўскага. І тыя беларусы, якія ваююць на ўсходзе Украіны, можна сказаць, бяспраўныя. Цяпер Парашэнка выдаў указ, што ўсе добраахвотніцкія батальёны павінны падпарадкоўвацца або СБУ, або МУС, або УС Украіны. Але ў той жа час грамадзяне іншых краін, якія ваююць на баку Украіны, не маюць права ваяваць у рэгулярным украінскім войску.

І не толькі беларусы ваююць цяпер за Украіну, добраахвотнікі едуць з розных краін свету. Але нейкага афіцыйнага статусу ўкраінскія ўлады нам даваць не хочуць. Хочацца папрасіць іх: не перашкаджайце нам ваяваць за Украіну.

ВАСІЛЬ ПАРФЯНКОЎ З ГАЛОЎНАЙ РЭДАКТАРКАЙ САЙТА CHARTER97.ORG НАТАЛЛЯЙ РАДЗІНАЙ І ЎКРАІНСКІМІ ВАЛАНЦЁРАМІ ТАЦЦЯНАЙ ДАВІДЗЕНКАЙ І ВОЛЬГАЙ ПІРАГОВАЙ
Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках