28 красавiка 2024, Нядзеля, 0:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Яскевіч: Пункт незвароту ў дачыненні да прадпрымальнікаў пройдзены

11
Ірына Яскевіч: Пункт незвароту ў дачыненні да прадпрымальнікаў пройдзены
ФОТА: TUT.BY

Індывідуальныя прадпрымальнікі сталі закладнікамі і агульнага эканамічнага крызісу ў Беларусі, і мэтанакіраванай палітыкі ўладаў.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказала індывідуальная прадпрымальніца і грамадская актывістка з Віцебска Ірына Яскевіч.

- Якіх новаўвядзенняў прадпрымальнікам варта чакаць ад уладаў найбліжэйшым часам і якія настроі ў іх асяроддзі з гэтай нагоды?

- Я думаю, што ніколі яшчэ прадпрымальнікі не былі так раз'яднаныя ў імкненні выжывання. Па сутнасці, з уваходжаннем у дзеянне ўсіх новых правілаў што да сертыфікацыі прадукцыі, 80% прадпрымальнікаў можна караць. Плюс нас яшчэ чакае ўстаноўка тэрміналаў. Хоць цяпер прапануюць адносна танныя тэрміналы, але сутнасць новаўвядзення ў тым, што павінны праводзіцца пэўныя сумы праз тэрміналы. І прадпрымальнік павінен будзе плаціць 130 тысяч за касавы апарат, які кантралюе ягоную выручку, і яшчэ 100 тысяч за тэрмінал, які ў яго ніхто ніколі не папросіць. Таму што больш танныя мадэлі тэрміналаў апрацоўваюць інфармацыю з карткі вельмі доўга - а які пакупнік захоча пакідаць сваю картку ў краме на 10-15 хвілін? Прадпрымальніца мяркуе, што з ліпеня іх чакае павелічэнне падаткаў, бо падвышаны каэфіцыент ПДВ для рэшткаў тавару будзе павялічаны з 2,5 да 3-х. Нас чакаюць тэрміналы, нас чакае 48-ы ўказ пра штрафы за прадукцыю, якая не адпавядае нормам тэхрэгламенту Мытнага саюза. Таму настрой ва ўсіх «нулявы». Частка прадпрымальнікаў разумее, што працаваць паводле новых правіл без парушэнняў немагчыма, і думае пра закрыццё дзейнасці. Таму што нават тыя сертыфікаты, якія дае Расейская Федэрацыя, часта з'яўляюцца проста прадуктам «фоташопу» і не пройдуць праверкі. Я ўжо не кажу пра нашумелую гісторыю з фірмай «Прэстыж», якая проста прадае «паперкі». На сёння многія прадпрымальнікі проста самі капаюць сабе яму і кажуць: «Калі будзе праверка - усё кіну і пайду». Настрой вельмі дрэнны.

- Якім чынам эканамічны крызіс у краіне адбіўся на індывідуальных прадпрымальніках?

- Грошай у людзей, каб купляць спажывецкія тавары, няма. У прадпрымальнікаў расце запазычанасць па «камуналцы», паколькі арэндную плату трэба выплачваць адразу, а вось «камуналка» адкладаецца на потым. Увогуле, не сённяшні дзень, «іпэшнікі» заклапочаныя пошукамі шчылін, як падоўжыць сваё існаванне на яшчэ нейкі час, бо працаўладкавацца ў нас у рэгіёнах практычна немагчыма, і заробак 2,5 мільёна ўжо ўважаецца за добры. На фоне эканамічнага крызісу ў краіне, у нас, як і ў дзяржаўных крамах - недахоп пакупнікоў, зніжэнне прыбытку. Мы, як і ўсе людзі, бярэм крэдыты - каб будаваць жыллё, вучыць дзяцей. І гэтак жа, як і ўсе, павінны іх выплачваць. Але ўмовы працы ў нас значна горшыя, чым у астатніх грамадзян.

Заўсёды ёсць пункт незвароту. На сёння такі пункт незвароту ў нас за спіной. У той сітуацыі, якая створаная ў краіне, прадпрымальнікі сталі закладнікамі. Нас становіцца ўсё менш і менш. Людзі, якія ўмеюць думаць і лічыць - сыходзяць. Сыходзяць з бізнэсу, эмігруюць з краіны. Нават пенсіянеры, якія займаліся дзейнасцю, спыняюць працу, хоць ім не трэба плаціць узносаў у Фонд сацыяльнай абароны. Калі ў сакавіку сотні прадпрымальнікаў выйшлі на страйк, то цяпер сітуацыя блізкая да анархіі: усе выкручваюцца, як могуць, самі правяральшчыкі не маюць паняцця, як нас правяраць праз розначытанні ў нарматыўнай базе. Ці ж прыйдзецца частку людзей пераследаваць за падробку дакументаў - хоць у гэтым іх віны няма, ім проста выдалі ў Расеі такі «сертыфікат». Часта расейскія фірмы проста перашываюць этыкеткі на польскіх таварах і прыкладаюць да іх «дакументацыю» Мытнага саюза.

- Якім чынам можна звярнуць увагу грамадства на праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў?

- Трэба ўздымаць пытанне аб тым, што індывідуальныя прадпрымальнікі, хоць іх і засталося блізу 20-ці тысяч, з'яўляюцца важнай часткай насельніцтва краіны. І пара перастаць раз'ядноўваць соцыум і супрацьпастаўляць іх астатнім грамадзянам. І пара перастаць бачыць у іх толькі плацельшчыкаў падаткаў. Гэта 20 тысяч чалавек, якія кормяць свае сем'і і нічога не просяць у бюджэту - ні на сацыяльныя патрэбы, ні на мадэрнізацыю сваёй дзейнасці. Мы спадзяемся, што ў грамадства хопіць розуму не выкідаць на вуліцу 20 тысяч сем'яў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках