26 красавiка 2024, Пятніца, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя ўзяла тлумачэнні ў дырэктара крамы, дзе прадаюць бел-чырвона-белыя сцягі

6
Міліцыя ўзяла тлумачэнні ў дырэктара крамы, дзе прадаюць бел-чырвона-белыя сцягі

Супрацоўнікі міліцыі зацікавіліся крамай symbal.by пасля затрымання заўзятара, які набыў там нацыянальны сцяг.

У Маладзечне затрымалі юнака з бел-чырвона-белым сцягам. Малады заўзятар распавёў, што набыў гістарычную сімволіку Беларусі ў symbal.by. А потым у офіс крамы, якая займаецца продажам нацыянальных сцягоў, з праверкай накіравалі ўчастковага.

«Белсат» пагутарыў з Паўлам Белавусам, дырэктарам крамы, якім зацікавіліся праваахоўныя органы.

- Як даўно прадаеце нацыянальныя сцягі і ці ёсць попыт?

- Сцягі мы прадаем ужо год, ад самага заснавання крамы symbal.by, у нас на сайце ёсць нават спецыяльны раздзел, дзе акрамя вялікіх сцягоў, можна набыць настольныя, аўтамабільныя сцяжкі і бел-чырвона-белую стужку.

Было некалькі фактараў, якія натхнілі мяне на стварэнне крамы з беларускай нацыянальнай сімволікай. Гэта адсутнасць прапановы пры вялікім попыце. Статус герба «Пагоня», як гісторыка-культурнай каштоўнасці і адсутнасць законаў, якія б забаранялі бел-чырвона-белы сцяг ці прыраўноўвалі б да забароненай сімволікі.

Усе выпадкі, калі забіраюць сцягі - гэта перагібы асобных прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія «падмацоўваюць» незаконныя мітынгі ці пікетаванні, лаянкай у грамадскім месцы, а не забароненым сцягам.

На сённяшні дзень пасля «вышымаек» бел-чырвона-белая сімволіка і сувеніры з гербам «Пагоня» на другім месцы па папулярнасці ў нашай краме.

- Як звалі міліцыянта, які прыходзіў да вас? Ці прадставіўся ён?

- Міліцыянт не прадставіўся, ды і я замітусіўся, забыўся папрасіць прадставіцца. Сказаў толькі, што ён - участковы ў гэтым раёне Менска і яго накіравалі па справе, якая здарылася ў Маладзечна, ды паклаў паперы з фотаздымкамі справы, на якіх быў бел-чырвона-белы вялікі сцяг і маленькі сцяжок. Іх канфіскавалі ў нейкага хлопца на футбольным матчы ў Маладзечне, ён распавёў, што набыў сімволіку ў нас.

- Былі з боку міліцыянта нейкія патрабаванні?

- Патрабаванняў не было, ён папрасіў даць тлумачэнні, а таксама паказаць дакументы, на падставе якіх адбываецца гандаль. Гэта ўсё ў нас ёсць, таму далей ніякіх пытанняў не было.

- Ці здараліся раней кур'ёзныя сітуацыі, звязаныя з продажам сцягоў?

- Кур'ёзаў не было, былі прыемныя гісторыі. Напрыклад прыходзіць бацька з 12-ці гадовым сынам. І бацька пытаецца: «Ну што ты тут хацеў?», а той паказвае на бел-чырвона-белы сцяг. І бацька яму з задавальненнем яго набывае.

Прыходзілі, напрыклад, з АНТ здымаць пра нас рэпартаж. Я кажу: а вас не бянтэжыць, што ў нас бел-чырвона-белыя сцягі і Пагоні? «Не хвалюйцеся, мы здымем тое што нам трэба», - адказваюць. І здымаюць добры рэпартаж пра моду на арнамент у Беларусі, рэкламуючы краму, але акцэнтуючы ўвагу на вышыванках і вышымайках.

- Ці будзеце далей прадаваць сцягі ў выпадку прэтэнзій з боку міліцыі?

- Бел-чырвона-белая сімволіка - гэта фішка нашай крамы. Мы сваім прыкладам хочам паказаць, што не трэба баяцца і самім ствараць забароны, калі іх ніхто не стварыў. Для нас Пагоня і сцяг - гэта гісторыя, гэта сімвалы краіны, гэта рэчы, якія павінен мець у хаце кожны свядомы беларус. Не дарма ж у нас слоган «symbal.by - рэчы, якія варта мець беларусу».

Мы не ўтойваем таго, што symbal.by - гэта ўнікальная пляцоўка, якая займаецца папулярызацыяй і пашырэннем рэчаў і з'яў, якія прысвечаныя беларускай мове, культуры і гісторыі.

На пляцоўцы размешчаныя рэчы, якія створаны беларусамі і па-беларуску, дыхаюць беларушчынай, народным каларытам і здаровым патрыятызмам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках