Эстонія адмяжуецца ад Расеі двухметровай агароджай
5- 25.08.2015, 19:56
- 41,523
Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі збіраецца пабудаваць сцяну на мяжы з Расеяй.
Пра гэта паведамляе газета Postimees.
Плануецца, што агароджа вышынёй 2,5 метра перакрые прынамсі дзве траціны сухапутнай часткі мяжы з РФ.
Верхняя частка агароджы будзе ўзмоцненая калючым дротам. Агульная даўжыня агароджы складзе блізу 108 кіламетраў.
У дадатак да агароджы мяркуецца ўсталяваць і агароджу, якая перашкаджае перамяшчэнню дзікіх жывёл. На забалочаных участках лініі мяжы агароджы не будзе, там усталююць толькі памежныя слупы і пракладуць кантрольную паласу.
Для аховы мяжы будуць выкарыстаныя таксама відэакамеры і беспілотныя лятальныя апараты, а ў акваторыі Чудскага возера размешчаны больш за 600 памежных буйкоў. Працы ў тэхнічным узмацненні мяжы пачнуцца ў 2018 годзе, іх агульны кошт складзе 71 мільёнаў еўраў.