27 красавiка 2024, Субота, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Яшчэ некалькі гадзін - і спыніліся б заводы»

27
Зміцер Бандарэнка: «Яшчэ некалькі гадзін - і спыніліся б заводы»
ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА
ФОТА: BYMEDIA.NET

Праўду пра падзеі 19 снежня 2010 года распавядае адзін з арганізатараў Плошчы.

Цягам пяці гадоў, якія прайшлі з дня прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, апазіцыю заклікалі правесці аналіз таго, што адбылося на Плошчы пасля «выбараў». Некаторыя палітыкі заяўлялі, што гэтага нельга рабіць, пакуль у турмах знаходзяцца палітычныя вязні. Цяпер апошнія палітычныя зняволеныя, арыштаваныя ў снежні 2010 года, выйшлі на волю. Давайце пачнем гэтую размову.

На пытанні галоўнай рэдактаркі charter97.org Наталлі Радзінай адказвае кіраўнік выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

- Апазіцыю ўсе гэтыя гады абвінавачвалі ў тым, што на Плошчы ў лідараў не было плана. Ці так гэта?

- Не, гэта не так. Таму што тады можна сказаць, што і Майдан ва Ўкраіне - таксама выпадковая падзея. Безумоўна, ёсць пэўная варыятыўнасць дзеянняў, але ў той дзень там былі магчымыя два асноўныя варыянты: або ісці з Кастрычніцкай плошчы да Цэнтрвыбаркама на плошчу Незалежнасці, ці ісці да Беларускай тэлевізіі на Макаёнка, каб патрабаваць эфір для дэмакратычных кандыдатаў, каб данесці праўду аб выніках выбараў, пра тое, што ў краіне павінен адбыцца другі тур.

Стаяць на месцы ў той дзень было нельга, таму што быў заліты каток, гэта стварала небяспеку для людзей. Акрамя таго, на Кастрычніцкай плошчы знаходзіцца вялікі будынак Палаца Рэспублікі, дзе велізарныя шкляныя вокны некалькі метраў вышынёй. Гэта значыць, там вельмі лёгка было арганізаваць правакацыю. Калі б там білі шкло - а мы ведаем, што пры правядзенні многіх акцый у Беларусі правакатары так і робяць - там маглі б быць рэальныя ахвяры. Акрамя таго, праз устаноўленыя на плошчы гучнагаварыцелі на ўсю плошчу грукатала расейская папса.

Таму я абсалютна згодны з Мікалаем Статкевічам: трэба было рухацца. Падчас руху воля людзей праяўляецца лепш за ўсё. І мы сапраўды паказалі свету, што 80 тысяч беларусаў у той дзень прыйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў.

Я часта чую, што, маўляў, у свой час Маршы Свабоды былі няўдалымі, так як прыйшло ўсяго 30 тысяч ці ўсяго 50 тысяч чалавек. Або Плошча была няўдалай, бо туды ўсяго 80 тысяч прыйшло. Тыя людзі, якія прыйшлі - яны героі. Яны зрабілі свой выбар, ім будзе што расказаць сваім дзецям і ўнукам.

І ў той сітуацыі лідары апазіцыі зрабілі максімальнае, што было магчыма зрабіць.

Чаму ўлады вымушаныя былі пачаць зачыстку? Бо правакацыя з біццём шкла да таго моманту ўжо скончылася, але Плошча не разыходзілася. Вельмі часта мы назіралі такая з'ява: людзі прыйшлі, паслухалі, а потым пачынаюць разыходзіцца.

19 снежня было па-іншаму. Людзі сталі тэлефанаваць родным, знаёмым, таму радыкальнага памяншэння колькасці ўдзельнікаў не адбылося, наадварот - новыя тысячы беларусаў накіраваліся да цэнтра Менска. Таму ўлады разумелі, што яшчэ некалькі гадзін - і ў краіне наступіць пералом, будзе цалкам іншая сітуацыя, а раніцай пачнуць спыняцца заводы. Таму і быў аддадзены загад на разгон. Узброеныя дубаломы - а ў той дзень у Менску былі сабраныя дзесяткі тысяч карнікаў - апынуліся мацнейшымі за мірных грамадзян.

- Выказвалася меркаванне, што беспарадкі на Плошчы былі сцэнаром Масквы, мэта якога - зрыў «дыялогу» Лукашэнкі з Захадам.

- Брутальнае падаўленне мірнай дэманстрацыі - гэта быў сцэнар Лукашэнкі. У турме КДБ тыя калегі па камерах, якія там знаходзіліся да нас - эканамічныя, былыя супрацоўнікі сілавых структур - казалі, што так званыя «плыты», дадатковыя месцы для размяшчэння новых зняволеных, пачалі ствараць за месяц да «выбараў». Уся турма чула грукі малаткоў, калі рабіліся гэтыя лежакі. Я не думаю, што іх рабілі нейкія расейскія парашутысты. Я ведаю, што гэта рабілі супрацоўнікі КДБ.

Так, разгон Плошчы быў ажыццёўлены на расейскія грошы і часткова на грошы крэдытаў МВФ і іншых заходніх банкаў. Ну, а таксама з улікам досведу падаўлення дэманстрацый, якія беларускія ўнутраныя войскі і АМАП атрымалі на трэніроўках у ФРГ - мы ведаем і аб гэтай ганебнай старонцы дружбы Захаду з дыктатарам.

- Дык хто біў шкло ў Доме ўрада, бо гэта было галоўным абвінавачваннем супраць апазіцыі?

- У лютым 2011 года ў турме КДБ мяне прывялі на допыт да аператыўніка, якога я не ведаў. Ён прадставіўся супрацоўнікам вайсковай контрразведкі КДБ Беларусі і паказаў мне відэа, на якім падрабязна, з некалькіх кропак, было знята, як група маладых людзей падыходзіць да дзвярэй Дома ўрада і пачынае біць шкло. На відэа добра было відаць, што ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту ў гэты час знаходзіліся на плошчы Незалежнасці перад помнікам Леніну. Чалавек, які назваўся супрацоўнікам вайсковай контрвыведкі, спытаў, ці ведаю я каго-небудзь з гэтых людзей і асабліва яго цікавіў чалавек, які ненатуральным голасам крычаў: «Гэй, беларусы, ідзіце сюды!». Я сказаў, што нікога з гэтых людзей не ведаю. Тады афіцэр паказаў мне яшчэ відэа, дзе гэтая ж група маладзёнаў рухаецца па праспекце Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы ў бок плошчы Незалежнасці. Ён адзначыў, што яны падазраюць, што першымі пачалі біць шкло людзі, падобныя на арганізаваную групу, і не выключана, што гэта грамадзяне замежных дзяржаў. Магчыма, Расеі ці Ўкраіны.

Супрацоўнікі контрвыведкі сустракаліся са мной яшчэ два разы і задавалі адно пытанне: «А вы дакладна іх не ведаеце? Бо вы былі арганізатарам многіх акцый пратэсту». На што я ім адказваў, што гэтыя людзі больш падобныя на пераапранутых супрацоўнікаў спецслужбаў і вельмі дзіўна, што яны не былі затрыманыя на Плошчы або адразу пасля яе. Як потым высветлілася, відэаназіранне вялося за кожным метрам плошчы Незалежнасці.

У красавіку ў адной з камер «Амерыканкі» мне паведамілі, што з імі сядзеў чалавек, які быў арыштаваны за тое, што першым біў шкло. Мае сукамернікі сцвярджалі, што гэты хлопец быў сынам аднаго з высокапастаўленых чыноўнікаў МУС, прасядзеў з імі некалькі дзён, а потым быў вызвалены і яго нават не судзілі.

Пазней з прэсы я даведаўся, што адным з удзельнікаў той самай групы, што біла шыбы ў Доме ўрада, быў Віталь Мацукевіч. Па-мойму, ён адзіны з завадатараў біцця шкла быў асуджаны і выйшаў на свабоду летам 2011 года.

- Вернемся да «выбараў». Якія былі іх рэальныя вынікі?

- У 2010 годзе самым моцным з усіх дэмакратычных кандыдатаў быў Андрэй Саннікаў. Ён набраў больш галасоў, чым усе іншыя дэмакратычныя кандыдаты, разам узятыя. Ён выходзіў у другі тур, у якім бы немінуча перамог.

Лукашэнка ведаў пра гэта, таму супраць каманды Саннікава былі ўжытыя самыя моцныя рэпрэсіі. Таму напярэдадні «выбараў» быў забіты Алег Бябенін, найбліжэйшы паплечнік палітыка, а па сям'і Саннікава прайшліся катком.

Натуральна, улады ведалі, што так як Андрэй быў самым моцным кандыдатам і ў яго была самая моцная каманда, то менавіта ён і ягоная каманда былі асноўнымі арганізатарамі Плошчы, на якую выйшлі, па розных ацэнках, ад 70 да 90 тысяч чалавек.

Магчыма, камусьці гэтая праўда не падабаецца, але менавіта такое становішча спраў.

- Мікалай Статкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, які цяпер выйшаў на волю, заявіў, што ўсю адказнасць за арганізацыю Плошчы ён бярэ на сябе.

- Статкевіч сапраўды гуляў актыўную ролю на Плошчы, але справа ў тым, што Плошчу трэба было арганізаваць. Мікола - мужны чалавек, вулічны баец, але ў той момант у яго не было ні рэсурсаў, ні каманды, ні сур'ёзных партнёраў. Была індывідуальная асабістая мужнасць і некалькі найбліжэйшых паплечнікаў.

Ён пайшоў на выбары разам з маргінальным кандыдатам Дзмітрыем Усам, які не толькі не прынёс нейкіх дадатковых балаў, але і выступаў супраць правядзення Плошчы.

Мікола вельмі добра выступіў падчас другога эфіру на тэлевізіі. 7 кандыдатаў на тэлевізіі заклікалі да Плошчы. Гэта таксама паўплывала на тое, што Плошча была масавай.

Неабходна адзначыць, што менавіта наша каманда цягам многіх гадоў спецыялізавалася на правядзенні масавых акцый пратэсту. Плошча першапачаткова была для нас галоўнай мэтай выбарчай кампаніі, таму невыпадкова, што гукавую апаратуру і генератары і на Кастрычніцкую плошчу, і на плошчу Незалежнасці змаглі пранесці толькі нашы актывісты.

- Вы сцвярджаеце, што Андрэй Саннікаў перамог у прэзідэнцкіх выбарах. Чаму многія журналісты і аналітыкі аддаюць перавагу замоўчваць гэты факт?

- Таму ж, чаму не хочуць прызнаваць, што самым папулярным незалежным рэсурсам у Беларусі з'яўляецца charter97.org. Але ёсць статыстыка, з якой немагчыма спрачацца.

Ведаю, што калі я сядзеў у турме, чатыры міністра замежных спраў напісалі артыкул пра тое, што ў Беларусі павінен быць другі тур. Гэта зафіксавалі назіральнікі, якія праводзілі экзіт-полы: Лукашэнка набраў блізу 40%. З дэмакратычных кандыдатаў у другі тур выходзіў Саннікаў.

Калі я вызваліўся з турмы, Віктар Івашкевіч перадаў мне звесткі з 12 выбарчых участкаў Менска, на якіх стаялі подпісы сябраў участковых камісій. Рэальныя лічбы такія: на першым месцы Лукашэнка - «дзякуючы» датэрміноваму галасаванню, дзе амаль 100% галасоў нібыта былі аддадзеныя дыктатару. На другім месцы з вялікім адрывам ад астатніх - Андрэй Саннікаў. Далей ішоў Някляеў. Гэтыя звесткі па ўсіх участках вельмі падобныя, а на адным з участкаў Саннікаў нават перамог, нягледзячы на датэрміновае галасаванне.

Што тычыцца рэгіёнаў, то, напрыклад, у горадзе Ліда Саннікаў набраў 40%. Наогул у Заходняй Беларусі на многіх участках ён набіраў прыкладна столькі ж, але гэтыя лічбы не былі засведчаныя ўчастковымі камісіямі - іх мы атрымалі ад сілавікоў і чыноўнікаў.

Акрамя таго, па ўсіх папярэдніх інтэрнэт-апытанняў на сайтах, як беларускіх, так і расейскіх, Саннікаў перамог з велізарным адрывам. На тым жа інтэрнэт-галасаванні, арганізаваным «Радыё Свабода», «Беларускім Партызанам», кіраўнікоў якіх наўрад ці можна абвінаваціць у сімпатыях да Саннікава, Андрэй усё роўна перамагаў.

На той момант інтэрнэтам карысталіся ад 3 да 5 мільёнаў чалавек, гэта значыць пэўная рэпрэзентатыўнасць у інтэрнэт-апытаннях выконваецца, і гэта дазваляе казаць, што Саннікаў быў абсалютным лідарам сярод дэмакратычных кандыдатаў.

Акрамя таго, яго папулярнасць была бачная няўзброеным вокам на вуліцах, падчас збору подпісаў, падчас правядзення агітацыйных пікетаў. Чэргі стаялі менавіта да кандыдата Саннікава, ён правёў больш за ўсіх сустрэч па краіне, змог арганізаваць найбольш масавыя сходу выбаршчыкаў, даў больш за ўсё інтэрв'ю сусветным медыя.

- А чаму апазіцыя не магла аб'яднацца?

- Адзін важны момант: пастанову аб удзеле многіх дэмакратычных кандыдатаў на тых «выбарах» прымаў асабіста Лукашэнка, таму што добра вядома, што подпісы сабралі толькі каманда Саннікава і каманда Някляева.

- Для чаго гэта было трэба Лукашэнку?

- Такім чынам яны хацелі пасварыць апазіцыю, але яны пралічыліся. Улады толькі потым зразумелі, што зрабілі памылку, падаўшы 9 гадзін жывога тэлеэфіру альтэрнатыўным кандыдатам плюс выступы на радыё.

- Тысяча арыштаваных, сотні збітых людзей. Гэта каштавала таго, каб заклікаць людзей на Плошчу 19 снежня?

- Незалежнасць любой краіны не даецца лёгка і не захоўваецца лёгка. Як паказалі падзеі ва Украіне, Расея не застаецца абыякавай да тых, працэсаў што адбываюцца ў суседніх краінах. І я ўпэўнены: беларусам яшчэ давядзецца абараняць сваю незалежнасць са зброяй у руках, як гэта робяць украінцы. Расея нас у спакоі не пакіне. Трэба быць да гэтага гатовымі.

Майстэрства лідараў беларускай апазіцыі заключалася ў тым, што мы, праводзячы мірныя акцыі супраць дыктатара, адначасова абаранялі незалежнасць. Таму што ўсе нашы акцыі праходзілі пад еўрапейскімі і бел-чырвона-белымі сцягамі, лозунгамі «Жыве Беларусь!» і «Беларусь у Еўропу».

Генералы і ФСБ-шнікі ў Маскве разумеюць, што калі ў здавалася б русіфікаванай Беларусі, якая цалкам знаходзіцца пад кантролем дыктатара, ёсць шмат людзей, гатовых паміраць за сваю краіну, то ўмешвацца ў яе справы ўзброеным шляхам небяспечна. Лукашэнкаўская Беларусь фактычна з'яўляецца адзіным хаўруснікам Расеі. Калі давядзецца ваяваць нават з гэтай краінай - а мірна не атрымаецца - то для Крамля гэта будзе поўнай паразай.

Беларуская апазіцыя можа ганарыцца тым, што за ўсе гады правядзення масавых акцый (а іх было сотні) у нас не было ахвяр. Мы негвалтоўным спосабам адстойвалі свае ідэалы.

- Вам давялося з'ехаць за мяжу, і сёння некаторыя спрабуюць падзяліць апазіцыю на эмігрантаў і на тых, хто застаўся ў краіне. Кім вы сябе адчуваеце - эмігрантам або актывістам апазіцыі?

- Я быў удзельнікам 5 крымінальных і 12 адміністрацыйных спраў, адседзеў адзін крымінальны тэрмін і 8 адміністрацыйных арыштаў. І я не хачу больш быць цацкай для эксперыментаў калгаснай банды. Здароўе ўжо таксама не такое, як у 30 гадоў.

Я мог бы застацца ў Беларусі толькі ў адным выпадку - калі б у мяне была граната Ф1, я хадзіў бы з ёй і ў выпадку спробы арышту падарваў бы сябе і некалькіх мярзотнікаў, якія паспрабавалі б мяне арыштаваць. Ад'езд - гэта мой свядомы выбар.

Адразу пасля вызвалення мы з Андрэем Саннікавым правялі прэс-канферэнцыю. У Лукашэнкі здарылася істэрыка, ён шалеў на тэлевізіі і крычаў, што калі мы не замоўкнем, то праз дзве гадзіны вернемся ў турму.

Для мяне выбар сёння ў Беларусі такі: або паўторная турма і смерць, або маўчанне. Я выбраў свабоду, свабоду быць сабой, свабоду гаварыць тое, што я хачу і калі хачу. З'яўляюся я часткай Беларусі? Так. Ні аб чым іншым, акрамя сваёй краіны, на вялікі рахунак, я не думаю.

- Шмат палітзняволеных пасля вызвалення былі вельмі асцярожныя, баяліся выказвацца адкрыта. Было відавочна, што ў турме яны прайшлі праз велізарны ціск і ўсведамляюць пагрозу вярнуцца назад. Аднак Мікалай Статкевіч сёння выступае з дастаткова смелымі заявамі. Між іншым, ён кажа, што 19 снежня 2010 года ў краіне адбыўся захоп улады...

- Мікалай Статкевіч правільна сказаў, што ён быў вызвалены не праз нейкія там гуманітарныя меркаванні дыктатара, які падвяргаў яго катаванням цягам пяці гадоў, а толькі таму, што рэжыму тэрмінова патрэбныя грошы.

Лукашэнка зараз вельмі б хацеў, каб Статкевіч замоўк, але распачаць супраць яго нейкія дзеянні ён не можа. Таму што тады яго ўлада абрынецца за некалькі месяцаў.

Відаць, што Мікалай за гэтыя пяць гадоў стаў яшчэ мацнейшы. Відаць, што ўсе гэтыя 5 гадоў ён думаў, што будзе рабіць у першыя гадзіны і дні пасля выхаду. Я б нават назваў Статкевіча Прасветленым. У турме гэта магчыма.

І сёння ён можа стаць палітычным лідарам Беларусі. Менавіта з ім звязваюць надзеі мільёны беларусаў. Калі сёння не дапамагчы Статкевічу, калі не змяніць сітуацыю ў Беларусі, то і Мікалай, і многія іншыя былыя палітвязні праз некалькі месяцаў апынуцца ў турме. Ён сёння лідар духоўнага паўстання беларусаў, ён спрабуе падняць з каленяў народ, які на некаторы час прылёг адпачыць. Ён спрабуе падняць народ на барацьбу, падняць народ на дзеянні. І таму яго трэба сёння падтрымліваць любымі спосабамі.

- Якім можа быць план дзеянняў рэальнай апазіцыі на найбліжэйшы час?

- Першае - трэба рыхтаваць байкот, таму што ён абсалютна рэальны. Усе кандыдаты палітычных партый, якія пайшлі на выбары і лічылі, што яны лёгка збяруць 100 тысяч подпісаў, сутыкнуліся з поўнай пасіўнасцю людзей.

І сёння ні адзін з кандыдатаў, уключаючы Лукашэнку, не змог сабраць подпісы для правядзення выбарчай кампаніі. Беларусы сказалі «не». Нас рабуюць праз дэвальвацыю, высокія кошты, адсутнасць годнай працы - і мы не пойдзем галасаваць, не будзем удзельнічаць у гульнях дзяржавы, якая нас рабуе.

І апазіцыі не трэба выдумляць нейкія трукі накшталт: давай сходзім на «выбары» і ў бюлетэні напішам слова з трох літар. Трэба проста зафіксаваць стыхійны бунт беларусаў супраць псеўдавыбараў. Прымусовае датэрміновае галасаванне не мае ніякага значэння, таму што яно першапачаткова ўжо не прызнаецца нікім.

Але трэба зафіксаваць няяўку ў дзень галасавання. Гэта павінны зрабіць назіральнікі і актывісты апазіцыі.

Другое - трэба дапамагчы Статкевічу, у першую чаргу, даверам і гатоўнасцю працаваць разам з ім.

Калі ў 2010 годзе лідарам дэмакратычных сіл быў Андрэй Саннікаў, то сёння ў Беларусі такім лідарам становіцца Мікалай Статкевіч. Гэта не значыць, што трэба ўхваляць усе ягоныя дзеянні, яго трэба падтрымліваць у разумных пачынаннях. Ідэя аб непрызнанні фарсу і патрабаванне новых выбараў - гэта годны, моцны крок. Але гэта павінна падмацоўвацца разуменнем таго, што без байкоту ўсё роўна не абысціся, таму што інакш будуць проста словы супраць дзеянняў Лукашэнкі.

Трэба дапамагчы Міколу растлумачыць заходнікам, якія спрабуюць за спіной беларускага народа сёння ўкласці ўгоду ў прызнанні дыктатара, што ў іх нічога не атрымаецца. Што беларускі народ больш не будзе аб'ектам прымітыўных угод і маніпуляцый, што не варта даваць Лукашэнку крэдыты, за якія давядзецца расплачвацца нам. Бо каб аддаць мінулы крэдыт МВФ, Лукашэнку давялося цалкам прадаць Белтрансгаз Расеі.

Таму галоўная задача Статкевіча - адстаяць суб'ектнасць беларускага народа і беларускай апазіцыі, і мы ўсе павінны яму ў гэтым дапамагчы.

- Мікалай Статкевіч стаў называць імёны правакатараў і агентаў спецслужбаў, якія былі ў апазіцыі напярэдадні 19 снежня 2010 года. Між іншым, у адным з інтэрв'ю ён заявіў, што Андрэй Дзмітрыеў - начальнік штаба Уладзіміра Някляева на мінулых выбарах - абсалютна амаральная асоба. Сам Някляеў на днях выступіў з сенсацыйнымі заяваміў дачыненні да гэтай фігуры. Што вы можаце сказаць пра Дзмітрыева, які дагэтуль застаецца ў палітыцы і нават удзельнічае ў «выбарах» -2015?

- Я тут больш з Някляевым згодны, які пачаў бачыць і кажа пра тое, што Дзмітрыеў даўно працуе на спецслужбы. Мікалай Статкевіч мяркуе, што яго зламалі ў «амерыканцы». Не, гэты чалавек даўно працуе на ўлады і яго галоўная задача на тых і цяперашніх «выбарах» - гэта спроба легітымізаваць Лукашэнку. У 2010 годзе гэтаму перашкодзіла Плошча.

У турме «Амерыканкі» усяго 18 камер, і ў праграму апрацоўкі зняволеных закладзенае перакідванне з камеры ў камеру. Пераезды заўсёды цяжкія, але дзякуючы гэтаму ты атрымліваеш новых знаёмых і новую інфармацыю. У некалькіх камерах я перасякаўся з людзьмі, якія сядзелі з Дзмітрыевым.

Да прыкладу, ніхто не можа мяне абвінаваціць у вялікай любові да Аляксандра Фядуты. Але я меў зносіны з маладымі людзьмі, якія сядзелі разам з ім і казалі: так, у яго залішняя вага, яму цяжка, але ён трымаўся, паводзіў сябе пазітыўна, пісаў ім вершы. Увогуле, гэтыя людзі аб Фядуце нядрэнна адгукаліся.

Пра Дзмітрыева, усе хто з ім сядзеў, адгукаліся вельмі негатыўна і інакш чым нягоднікам не называлі. Я казаў, што, напэўна, гэта так, але ён жа быў на Плошчы ўжо збітым. Ён быў у сіняках пасля разгону калоны Някляева. Яго былыя сукамернікі здзівіліся: якія сінякі? У Дзмітрыева ніякіх сінякоў не было, казалі яны. Была толькі драпіна на назе - гэта бачылі ў душы. Але ніякіх сінякоў не было.

Гэта мяне заінтрыгавала. Я не агучваў гэтую інфармацыю, але нядаўна з турмы вызваліўся чалавек, які ў «Амерыканцы» сядзеў у адной камеры з Дзмітрыевым. І ён пацвердзіў, што ніякіх сінякоў у Дзмітрыева не было. Гэта значыць, атрымліваецца, што Андруша быў на Плошчы ў грыме?

Вы думаеце, што Уладзімір Някляеў проста так сышоў з «Гавары праўду»? Напэўна, разабраўся ўрэшце, што гэта за чалавек. Хоць гэта прасвятленне магло наступіць і раней.

- Мікалай Статкевіч мяркуе, што апазіцыю трэба падзяліць, бо яна, цытую, «дэградавала і вельмі многія цяпер у апазіцыі ўдзельнічаюць у падтанцоўцы ўладзе». Як вы сабе ўяўляеце гэты працэс?

- Мікалай сказаў, што з'явілася «неапазіцыйная апазіцыя». Я мяркую, што апазіцыя - гэта тыя людзі, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, якія адстойваюць свае ідэалы, якія праяўляюць салідарнасць. Гэтых людзей можна назваць удзельнікамі беларускага Супраціву, нацыянальна-вызвольнага руху або проста дэмакратамі.

А людзі падтанцоўкі, людзі, якія супрацоўнічаюць з уладай, спецслужбамі і не спыняюць гэтага - гэта не апазіцыя. Мне здаецца, гэта падзел адбыўся ўжо даўно.

- Усе тры гады, пакуль вы на волі, вам даводзіцца чуць папрокі ў тым, што вы напісалі прашэнне аб памілаванні. Я была ў CІЗА КДБ і мяркую, што вінаваціць вас могуць толькі людзі, якія не ведаюць, што такое беларуская турма. Што вы б яшчэ раз маглі сказаць тым людзям, якія пастаянна нагадваюць вам і Андрэю Саннікаву пра гэта ўчынак?

- Я магу сказаць тое, што я сказаў адразу пасля выхаду: я не прайшоў і сотай долі таго, што прайшоў Андрэй Саннікаў. І як ягоны таварыш і сябар, падпісаў прашэнне ў знак салідарнасці з ім, як толькі пра гэта даведаўся.

Лукашэнка ведае, што ён прайграў выбары Саннікаву. Ён помсціў яму, як помсціць выскачка-калгаснік інтэлігенту. План у дачыненні да Саннікава быў адзін - жывым з турмы ён выйсці не павінен.

Хачу нагадаць, што Андрэй Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні 16 лістапада 2011 года, а выйшаў на свабоду толькі 14 красавіка 2012 года, калі Беларусь пакінулі ўсе паслы ЕЗ, што пагражала закрыццём усіх беларускіх амбасадаў у Еўропе. Успомніце, якім выйшаў Саннікаў з турмы? Настолькі змардаваным, што людзі яго проста не пазнавалі. А гэта ж яго ўжо «рыхтавалі» да вызвалення.

Увесь тэрмін, пачынаючы з 19 снежня 2010 года, з яго здзекаваліся, яго катавалі, пагражалі сям'і, спрабавалі забіць і мэтанакіравана даводзілі да самагубства.

Андрэй выйшаў жывым, а значыць - перамог. Сёння ён адзін з нямногіх лідараў апазіцыі, хто адкрыта супрацьстаіць дыктатуры і адстойвае інтарэсы беларускага народа.

Трэба разумець, што ні Андрэй, ні яго каманда не ішлі на выбары дзеля выбараў. Мы сутыкаліся з тым, што ў 2001 і 2006 гадах кандыдаты не былі гатовыя (за выключэннем Казуліна) ісці да канца і адстойваць вынікі галасавання.

У 2010 годзе людзі з'ядналіся вакол Андрэя Саннікава як чалавека, які быў гатовы спаліць за сабой усе масты. Ніводны з кандыдатаў не ішоў на выбары адразу пасля таго, як быў забіты яго найбліжэйшы паплечнік і сябар. Ніводны з кандыдатаў не ішоў на выбары, калі цягам паўгода былі пагрозы знішчэння ягонай сям'і. Вясной 2010 года я разам з Андрэем забіраў з Галоўпаштамта тэлеграму, у якой пагражалі забойствам Ірыне Халіп і іх сыну Даніку.

Сёння некаторыя кажуць, што ў іх не было фінансавага рэсурсу. Я скажу: спачатку ў нас таксама не было грошай. Мы пазычалі, закладвалі сваю маёмасць. Саннікаў, між іншым, заклаў кватэру, гараж і машыну. Толькі да канца кампаніі мы атрымалі пэўную падтрымку.

Не ведаю, як бы павялі сябе ў турме крытыкі, калі б у суседняй камеры сядзелі іх сваякі. Гісторыя расставіць усё па сваіх месцах. Але сёння нельга казаць пра тое, што, напрыклад, Мікіта Ліхавід, які падчас зняволення не вылазіў з карцэраў і не напісаў прашэння аб памілаванні, больш гераічны за Вацлава Гаўла ці Міхаіла Хадаркоўскага, якія ў свой час пісалі такое прашэнне.

Тым больш гэта не значыць, што Мікіта Ліхавід з'яўляецца лепшым мэнэджэрам або лепш можа кіраваць дзяржавай, чым Гавэл, Хадаркоўскі або Саннікаў.

Саннікаў пайшоў на бітву, ён арганізаваў гэту бітву і, упэўнены, перамог. Ад удару, атрыманага ў 2010 годзе, рэжым не змог акрыяць дагэтуль.

Так, Саннікаў трапіў у палон, дзе перанос зверскія здзекі, але выйшаў з турмы не зламаным. Я ганаруся, што быў сябрам ягонай каманды і ў той бітве быў побач з ім.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках