28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кіеве пратэстуюць супраць зменаў Канстытуцыі

8

Больш за тысячу чалавек сабраліся на акцыю пратэсту супраць унясення зменаў у Канстытуцыю насупраць будынку Вярхоўнай Рады.

Прадстаўнікі Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса «Правы сектар» перакрылі дарогу на вуліцы Грушэўскага, паведамляе карэспандэнт ЛІГАБізнесІнформ.

Удзельнікі акцыі, сярод якіх таксама прадстаўнікі УА «Свабода», партыі «УКРОП» і Радыкальнай партыі, патрабуюць ад дэпутатаў не галасаваць за ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю ў частцы дэцэнтралізацыі. Яны асцерагаюцца, што ўнясенне змяненняў у Асноўны закон з фармулёўкай што да асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей пацягне за сабой амністыю тэрарыстаў, удзел кіраўнікоў бандфармаванняў тэрарыстычных арганізацый ЛНР і ДНР у выбарах на тэрыторыі Украіны, а таксама прызначэнне суддзяў і пракурораў у асобных раёнах Данбаса.

Праваахоўнікі папярэдзілі ўдзельнікаў акцыі пратэсту пад сценамі Вярхоўнай Рады Украіны аб адказнасці за блакаванне транспартных камунікацый і прымаюць меры для аднаўлення руху, паведамляе УНІАН.

Фота: hromadske.tv

«Актывісты выставілі аўто на праезнай частцы дарогі ва ўрадавым квартале, таму рух аўтамабіляў абмежаваны на вуліцы Грушэўскага ад будынка парламента да Дома афіцэраў», - адзначылі ў міліцыі.

Фота: @RS_Ukraine

Народныя дэпутаты ад Радыкальнай партыі заблакавалі прэзідыум Вярхоўнай Рады. Пра гэта паведаміў дэпутат Андрэй Лазавы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

«Заблакавалі прэзідыум парламента, каб не дапусціць асаблівы статус Данбаса, - напісаў ён. - Заклікаем калегаў-патрыётаў далучацца! Сёння вызначаецца лёс краіны».

Фота: УНІАН
Фота: facebook.com/Andriy.Lozovyi

На думку пратэстоўцаў, змены ў Канстытуцыю могуць прывесці да надавання рускай мове статусу другой дзяржаўнай.

Нагадаем, сёння на пленарным пасяджэнні Вярхоўная Рада разгледзіць законапраект аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю ў частцы дэцэнтралізацыі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках