3 траўня 2024, Пятніца, 2:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Замежныя рабочыя могуць стаць каталізатарам сацыяльных пратэстаў у Беларусі

1
Алег Волчак: Замежныя рабочыя могуць стаць каталізатарам сацыяльных пратэстаў у Беларусі
Алег Волчак
ФОТА: CHARTER97.ORG

Большасць рабочых - і беларускіх, і замежных - занятыя цяпер нават не зарабляннем грошай, а вяртаннем запазычанасцяў па заробку.

Пра гэта сайту charter97.org распавёў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, каментуючы сітуацыю з затрымкай заробкаў у Беларусі ў арганізацыях усіх форм уласнасці.

- Цягам апошняга месяца ў грамадскую прыёмную нашага праваабарончага цэнтра звяртаюцца і замежнікі, і беларусы - і не толькі з дзяржаўных прадпрыемстваў, але і з камерцыйных, у тым ліку буйных.

На мінулым тыдні да нас прыйшлі замежнікі, якія працуюць на будаўніцтве «Маяка Менска». Гэтую будоўлю Аляксандр Лукашэнка хацеў зрабіць флагманам будаўніцтва. Там працуюць сербы, грузіны, узбекі, беларусы, грамадзяне іншых краін.

У іх узнік канфлікт з кіраўніцтвам, бо ім не плацяць заробак, і ніякіх перспектыў для паляпшэння сітуацыі няма. Замежныя рабочыя з Усходняй Еўропы плануюць правесці страйк.

Мы патлумачылі ім, што, безумоўна, яны маюць на гэта права. А па-другое, яны спачатку павінны звярнуцца да консулаў сваіх краін і растлумачыць сітуацыю, каб не было правакацый і міліцыя не выставіла іх потым вінаватымі.

З усіх зваротаў грамадзян цягам апошняга месяца я магу зрабіць выснову, што альбо няма грошай на рахунках у прадпрыемстваў, у тым ліку буйных, ці то грошы знарок утрымліваюцца з нейкай мэтай. І я бачу, што ў працоўных выспявае пратэст.

- Як вы ацэньваеце ролю замежных рабочых у сацыяльных пратэстах у Беларусі - і тых, што былі, і магчымых у будучыні?

- Замежнікі больш мабільныя ў плане адстойвання сваіх правоў. Мы добра памятаем выступ кітайцаў у Добрушы, і як улады пайшлі ім на саступкі. Цяпер і ў Менску менавіта замежнікі збіраюцца правесці забастоўку.

Замежнікам губляць няма чаго. Калі я задаю пытанне беларусам, чаму яны такія неактыўныя, многія адказваюць: мне тут яшчэ працаваць, мне абяцаюць, што выплацяць усё ў верасні, няма магчымасці знайсці іншую працу.

Беларусы занятыя цяпер нават не тым, каб зарабіць грошы, а хочуць проста вярнуць запазычанасці ў заробку.

Замежнікі больш актыўныя ў Беларусі, і выявілася, што іх тут вельмі шмат (мы нават не ведаем, якая дакладна колькасць іх працуе ў Беларусі). Таму яны цалкам могуць стаць каталізатарам сацыяльных пратэстаў.

Мяне здзіўляе, чаму не відаць працы амбасадаў гэтых краін у абароне працоўных правоў сваіх грамадзян. Развязанне такіх канфліктаў павінна пачынацца ў першую чаргу са звароту ў консульскія аддзелы сваіх дзяржаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках