27 красавiка 2024, Субота, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскі экспэрт: Стварэнне Балта-Чарнаморскага саюза цалкам рэальнае

5
Польскі экспэрт: Стварэнне Балта-Чарнаморскага саюза цалкам рэальнае
ПШЭМЫСЛАЎ ЖУРАВСКІ ВЕЛЬ ГРАЕЎСКІ

Але Беларусь зможа стаць яго паўнапраўным удзельнікам толькі пасля дэмакратычных зменаў.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў навуковы супрацоўнік Лодзкага ўніверсітэта (Польшча), экспэрт у пытаннях міжнароднай палітыкі і бяспекі Пшэмыслаў Жураўскі Вель Граеўскі.

- Новы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда яшчэ да інагурацыі выказаў ідэю стварэння блока дзяржаў ад Балтыйскага да Чорнага мора. Гэтая ідэя была папулярная ў пачатку 1990-х і сярод беларускіх дэмакратычных палітыкаў. Як вы ацэньваеце выказванне Анджэя Дуды і саму канцэпцыю Балта-Чарнаморскага саюза?

- У пэўнай ступені, гэта было б паваротам да той палітыкі, якую Польшча праводзіла ў 1989 ці ў 1991 гадах - а менавіта, палітыкі пошуку падтрымкі ў рэгіёне і знаходжання агульных інтарэсаў для супрацьдзеяння пагрозе, якая зыходзіць ад Расеі, або для адказу на выклікі міжнароднай супольнасці нашага рэгіёну.

Натуральна, усе гэтыя дзяржавы неаднастайныя, у іх розная ступень адчування замежнай пагрозы і розныя інтарэсы. Ёсць таксама пэўныя праблемы ва ўзаемаадносінах унутры рэгіёну.

Аднак думаю, што на першапачатковым этапе атрымаецца вылучыць агульныя інтарэсы, і сённяшняя Польшча - як і было гістарычна - знойдзе ў сабе амбіцыі для абароны і прадстаўніцтва гэтых інтарэсаў.

Гаворка ідзе не пра кіраўніцтва, разумеем як права загадваць - гэтага ніхто і не чакае ад замежнай палітыкі. Гаворка ідзе пра тое, каб Польшча не забывала, што нашы суседзі, не будучы буйнымі дзяржавамі, маюць інтарэсы, якія супадаюць з польскімі, але ігнаруюцца сапраўды вялікімі дзяржавамі.

А Польшча, хоць і не ёсць буйной дзяржавай, усё ж такі з'яўляецца другой па велічыні ў рэгіёне, пасля Украіны, а па палітычнаму значэнню, зыходзячы з сяброўства ў ЕЗ, NATO і высокай ступені кансалідацыі грамадства, значна пераўзыходзіць сваю суседку.

Таму я думаю, што дэкларацыя прэзідэнта Анджэя Дуды цалкам рэальная ў тым сэнсе, што Польшча ў сваёй міжнароднай палітыцы будзе прымаць пад увагу інтарэсы дзяржаў і народаў у нашым рэгіёне.

Важнай з'яўляецца гатоўнасць плаціць пэўны кошт за адстойванне інтарэсаў краін Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну, нават у выпадку канфлікту з «вялікімі гэтага свету». Здрада інтарэсаў нашых найбліжэйшых суседзяў у такім выпадку павінна разглядацца і як супярэчнасць польскім інтарэсам.

- Як вам уяўляецца роля Беларусі ў такім Балта-Чарнаморскім блоку? Бо наша дзяржава, у адрозненне ад дэмакратычных суседзяў Польшчы, з'яўляецца аўтарытарным.

- Беларусь у гэтай сітуацыі, сапраўды, з'яўляецца самым «цяжкім выпадкам». У дачыненні з астатнімі дзяржавамі супрацоўніцтва можа адбывацца ў галіне прыняцця і рэалізацыі звычайных міжурадавых пастаноў.

У выпадку з Беларуссю стварэнне такой платформы для супрацоўніцтва запатрабуе глыбокіх змяненняў у палітыцы - і беларускай, і польскай. Цяпер ёсць платформа хутчэй для назірання, а не для дзеянняў. Для распазнання ступені гатоўнасці Аляксандра Лукашэнкі не паддавацца імперыялістычнай палітыцы Расеі.

З іншага боку, мы маем досвед адносін з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй, якую таксама не варта недаацэньваць. Таму што заўсёды варта памятаць, што любыя манеўры з дыктатурай асуджаныя на вялікую рызыку паразы. Бо дыктатар, як аднаасобны носьбіт улады, можа хутчэй здзяйсняць палітычныя «віражы» і пакідаць ні з чым дэмакратычных партнёраў.

Перад тварам пагрозы расейскай вайсковай экспансіі, базавай цікавасцю польскай палітыкі з'яўляецца падтрымка незалежнасці Беларусі. І кожная палітычная сіла, якая дзейнічае ў інтарэсах беларускай незалежнасці - рэальна, а не дэкларатыўна - можа разлічваць на падтрымку Польшчы. Эфектыўнасць дзеянняў дыктатуры Лукашэнкі ў гэтым напрамку застаецца вельмі нізкай. І гэта трэба мець на ўвазе.

Што ж тычыцца пытанняў не вайскова-палітычных, а культурных, то Беларусь - і захаванне яе незалежнасці - з'яўляецца важным напрамкам польскай палітыкі. І тут ужо гаворка ідзе аб супрацоўніцтве не паміж урадамі, а паміж народамі: грамадзянамі і арганізацыямі.

Ёсць вельмі актуальная патрэба адраджэння ў нацыянальнай самасвядомасці - і ў Беларусі, і ў Польшчы - памяці аб агульнай гісторыі і агульных інтарэсах. Трэба аб'яднаць намаганні для сумесных культурных праектаў, адраджаць памяць аб сумесным удзеле ў гісторыі парламентарызму і стварэнні агульных для нашых народаў традыцый грамадскай прылады: маюцца на ўвазе гісторыя ўній польска-літоўскіх (якія, у сутнасці, былі польска-беларускімі), гісторыя Сейма і агулам, удзел абодвух народаў у дзяржаўным будаўніцтве Рэчы Паспалітай.

Адраджэнне гэтых аспектаў гістарычнай памяці, безумоўна, патрабуе мецэнацкай дапамогі з боку дзяржавы. Было б вельмі нядрэнна, калі б дзяржава ангажавала ў праграмы адраджэння агульнай нацыянальнай памяці - такія, як напрыклад, Ягелонскі фестываль, унесены ў праграму аддзялення партыі «Права і справядлівасьць» у Катавіцах. Фестываль запланаваны як шматузроўневае мерапрыемства, якое аб'ядноўвае творцаў розных жанраў (кінематаграфія, музыка, паэзія, графіка) з Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Латвіі і іншых краін, якія маюць дачыненне да Ягелонскай спадчыны.

Вяртанне нацыянальна-гістарычнай свядомасці стане ў будучыні асновай і для палітычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю. Грамадскае меркаванне, насычанае памяццю аб сваім мінулым, будзе ў стане падтрымаць і палітычныя праекты. Калі культурная спадчына ў Беларусі будзе савецка-расейскай, магчымасці для ўзаемадзеяння з польскім бокам будуць значна меншымі.

Таму Польшча павінна прарабіць досыць вялікую працу па культурнаму ўзаемадзеянню з беларускім грамадствам і няўрадавымі арганізацыямі. І гэты кірунак з'яўляецца, па-мойму, вырашальным.

Я вельмі люблю выкарыстоўваць у дыскусіях формулу: Беларусь тады стане па-сапраўднаму беларускай, калі беларускія хлапчукі ў двары будуць гуляць у жаўнераў гетмана Астрожскага або Булак-Балаховіча, а не ў савецкіх партызан або жаўнераў Суворава.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках