3 траўня 2024, Пятніца, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары мікрараёна Слоніма абвясцілі пра байкот «выбараў»

27
Жыхары мікрараёна Слоніма абвясцілі пра байкот «выбараў»

Жыхары правялі сход і абвясцілі, што не пойдуць сёлета на «прэзідэнцкія выбары».

Вёску Цывіншчына 14 гадоў таму далучылі да Слоніма. Дагэтуль тут няма крамаў, асфальтаваных дарог, а на каналізацыю ад людзей патрабуюць па 17 мільёнаў рублёў. У адказ жыхары былой Цывіншчыны сабралі сход і абвясцілі, што не пойдуць сёлета на «выбары», паведамляе «Радыё Свабода».

«Ужо цэлае пакаленне вырасла, ужо ў гэтага пакалення дзеці нарадзіліся, а ў нас дагэтуль няма каналізацыі. Электрычнасць за свае грошы праводзілі, ваду таксама. Мясцовыя ўлады хочуць, каб мы і дарогі за свае грошы зрабілі, і каналізацыю таксама. А навошта нам тады патрэбна такая ўлада? Толькі дзеля таго, каб мы на выбары хадзілі?» - кажуць жыхары вуліцы Менскай.

Людзі распавялі, што ўлады абяцалі развязаць праблемы, але нічога не зрабілі.

«Абяцалі, што ў 2015 годзе выдзеляць сродкі на каналізацыю, зробяць, паказвалі паперы. А тут прыехаў нейкі малады чыноўнік да нас і кажа: я не ў курсе. І дарогі мы самі за свае грошы насыпалі», - кажуць сланімчукі.

«Тут, паглядзіце, цэлы мікрараён - Цывіншчына. А ў нас ні аптэкі няма, ні крамы. А паводле чынавенскай паперкамі ў нас усё заасфальтавана, ужо даўно зрабілі справаздачу. А цяпер мы сказалі, што не пойдзем на "выбары". Ім людзі патрэбныя толькі тады, калі пачынаюцца «выбары», а так ім людзі не патрэбныя» - мяркуюць яны.

Да размовы далучаецца жанчына сярэдніх гадоў і кажа, што таксама не пойдзе на «выбары», бо іх праблемы ніхто не развязвае.

«Тут наогул гэты раён ніяк не развіваецца, хоць жыве шмат маладых сем'яў. Бачу, што дзяцей у гэтую школу ўсё менш ходзіць, бо няма аўтобуса, вуліцы не асвятляюцца, тратуараў няма, ды наогул нічога не робіцца», - кажа яна.

Яе дапаўняе сусед.

«Бюджэтныя грошы ідуць туды, дзе жывуць багатыя. На Сінічкіна жывуць дырэктары, прадпрымальнікі - у іх усё ёсць: і каналізацыя, і вуліцы заасфальтаваныя. Нам прадстаўнік ЖКГ сказаў, што на правядзенне каналізацыі трэба здаваць па 17 мільёнаў. Яны што там, здурнелі? І гэта толькі на цэнтральную, а яшчэ да кожнага дома падвесці трэба будзе». «Я такія грошы нідзе ўзяць не змагу. У нас можа адзін чалавек на ўвесь раён сабе дазволіць такое можа. Але адзін таксама нічога не зробіць. А за гэтым іншыя працы стаяць, бо пакуль не зробяць каналізацыю, немагчыма заасфальтаваць вуліцы», - сказаў ён.

Людзі кажуць, што ў пераважнай большасці атрымліваюць па 2-3 мільёны заробкаў і не маюць грошай на такія ўкладанні. Больш за тое, многія цяпер наогул не маюць працы.

Мясцовы актывіст Іван Бедка распавядае, што з праблемамі гэтага мікрараёна ён з іншымі актывістамі неаднаразова звяртаўся да чыноўнікаў, але дапамогі яны ні разу не атрымалі.

«Мы неяк звярталіся да ўладаў, каб змянілі расклад руху аўтобусаў, каб людзі паспявалі з цягніка. Аўтобус адыходзіў на 10 хвілін раней перад цягніком. Так нам напісалі адказ, што гэта немагчыма, бо расклад складалі ў менскім інстытуце і г.д. Вось так. А мы тады шмат подпісаў назбіралі», - кажа ён.

Жыхары былой Цывіншчыны кажуць, што дамовіліся чакаць яшчэ 10 дзён, і калі ўлады не адрэагуюць на іх праблемы, то возьмуць у адміністрацыю Лукашэнкі перапіску з чыноўнікамі за 14 гадоў, каб там паглядзелі, як клапоцяцца пра людзей і як рэагуюць на іх скаргі і просьбы.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках