27 красавiка 2024, Субота, 21:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары сталічнай хрушчоўкі заявілі пра байкот «выбараў»

20
Жыхары сталічнай хрушчоўкі заявілі пра байкот «выбараў»
ФОТА: RFE/RL

У Менску жыхары дома па вуліцы Каліноўскага 1969 пабудовы на знак пратэсту адмаўляюцца ад удзелу ў «выбарах».

Жыхары дома №78 па вуліцы Каліноўскага ў Менску заявілі, што адмаўляюцца галасаваць на будучых «выбарах» прэзідэнта і ўсіх іншых «выбарах» праз тое, што ўлады не праводзяць капітальны рамонт іх дома, пабудаванага 46 гадоў таму. Пра гэта гаворыцца ў калектыўнай скарзе на імя Аляксандра Лукашэнкі, тэкст якой мае БелаПАН.

«Наш пяціпавярховы шматкватэрны панэльны дом па вуліцы Каліноўскага пабудаваны ў мікрараёне «Усход 1» першым, у 1969 годзе. І за ўвесь гэты час ён ні разу паўнавартасна не рамантаваўся», - гаворыцца ў лісце.

У выніку чаго, адзначаюць жыхары, «назапасілася мноства сур'ёзных праблем: вокны ў многіх кватэрах прыйшлі ў непрыдатнасць, праржавелі і прагнілі трубы, электраправодка састарэла, праз пашкоджанні даху і зношанасць труб пачасціліся выпадкі працёкаў і падтаплення кватэр, а таксама з’явілася падвышаная вільготнасць і волкасць. Сцены дома не трымаюць цяпло, а ўбудаваныя ўнутры сцен батарэі ацяпляюць вуліцу, у сценах расколіны».

Аўтары скаргі заяўляюць, што «дзяржава губляе энэргарэсурсы, а людзі (многія з якіх пенсіянеры) плацяць за ацяпленне больш, чым трэба па нарматывах». Таксама, паведамляюць жыхары, «канструкцыі пліт перакрыццяў падлог, лоджый, гаўбцоў, брылёў, прыступак пад'ездаў знасіліся і маюць пашкоджанні апорнай арматуры і бетону, што стварае пагрозу жыццю і здароўю людзей».

«Мы неаднаразова звярталіся са скаргамі, прасілі і прадаўжаем прасіць зрабіць неабходны капрамонт, уцяпліць фасад дома. Але раённыя і гарадскія ўлады пастаянна пераносяць тэрміны капрамонту», - гаворыцца ў звароце да Лукашэнкі.

Жыхары мяркуюць, што адлічэнні на капрамонт за 46 гадоў у іх скралі або выкарыстоўвалі на рамонт суседніх дамоў пазнейшых тэрмінаў пабудовы. На іх думку, «заканадаўства па капітальным рамонце жылля павінна быць пастаўленае пад грамадскі кантроль». «Час пакласці канец непадзельнаму панаванню чыноўнікаў і махінацыям ў гэтай сферы», - гаворыцца ў лісце.

«На знак пратэсту супраць гэтага шматгадовага падману з боку ўладаў мы адмаўляемся ад удзелу ў дзяржаўных мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Мы маем намер байкатаваць усе выбары усе якія праводзяцца ў рэспубліцы ў органы дзяржаўнай улады», - гаворыцца ў скарзе.

Жыхары дома просяць правесці пераразлік выплачаных на капрамонт сродкаў і правесці капітальны рамонт дома з мадэрнізацыяй фасада.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках