5 траўня 2024, Нядзеля, 10:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Times: Іран можа «заліць» нафтай перанасычаны рынак

4
The Times: Іран можа «заліць» нафтай перанасычаны рынак
Фота: Reuters

Тэгеран абяцае ўзмацніць здабычу пасля скасавання санкцый, але экспэрты мяркуюць, што хутка нарасціць аб'ёмы яму не ўдасца.

Іран абяцае здабываць 500 тысяч барэляў штодня. Ілюстрацыя OPEC Мільёны дадатковых барэляў нафты з Ірана могуць папасці на сусветныя рынкі ўжо на наступным тыдні, ствараючы тым самым дадатковы ціск на і без таго нізкі кошт. Пра гэта сёння піша The Times, дадаючы, што ААН, якая ўчора скончыла праверку на іранскіх ядзерных станцыях, ужо ў панядзелак збіраецца скасаваць гандлёвыя санкцыі супраць Тэгерана, паведамляе ZN.ua.

Таму іранскі бок абяцае здабываць дадаткова па паўмільёна барэляў нафты штодня ўжо на наступным тыдні. Гэтая залішняя нафта абяцае толькі ўзмацніць перанасычэнне сусветных энэргетычных рынкаў, праз якое кошт барэля ўжо ўпаў да самага нізкага ўзроўню за 12 гадоў. Кошт эталоннай маркі Brent скараціўся да 29,73 даляраў учора. Але потым яна крыху падаражэла ў Нью-Ёрку на 2,3% да 31 даляра.

«Іранцы сапраўды гатовыя выставіць на продаж 500 тысяч барэляў ужо наўпрост цяпер. Іх кліенты сталі ў чаргу», - кажа былы дарадца прэм'ер-міністра Ірана ў пытаннях нафты Ферэйдан Фешракі. У гэты ж час старшыня аддзела таварнай стратэгіі Saxo Bank Оле Хансэн сумняваецца, што Іран зможа так хутка нарасціць здабычу.

«Пасля столькіх гадоў санкцый і недахопу інвестыцый, наўрад ці Іран зможа хутка дасягнуць такога ўзроўню. Спатрэбіцца час, каб рынак пачаў давяраць, перш чым увесь іранскі патэнцыял рэалізуецца», - мяркуе экспэрт.

На ягоную думку, Іран зможа здабываць да 100 тысяч барэляў штодня пасля скасавання санкцый і па 400 тысяч барэляў цягам наступных шасці месяцаў. Але ў Тэгеране запэўніваюць, што за паўгода будуць здабываць да мільёна барэляў штодня. Банк Barclays чакае, што Іран зможа здабываць па 700 тысяч барэляў штодня ў чацвёртым квартале 2016 года. Тым часам, кошт нафтавага кошыка АПЕК знізіўся да 25 даляраў. Разлік кошту нафтавага кошыка вядзецца штодня ў працоўныя дні паводле стану за папярэдні гандлёвы дзень. Раней паведамлялася, што Іран мае намер аднавіць экспарт нафты да ўзроўняў да ўвядзення санкцый і заяўляе, што гатовы даваць зніжку на новыя пастаўкі. Таксама Іран мае намер пачаць экспарт газу ў Еўропу.

Іран разлічвае на зняцце санкцый, звязаных з яго ядзернай праграмай, да канца першага тыдня студзеня. Пры гэтым Тэгеран запэўніў спажыўцоў у гатоўнасці нарасціць пастаўкі практычна неадкладна.

Інвестары губляюць надзею на аднаўленне росту коштаў нафты ў наступным годзе на фоне чаканага вяртання Ірана на і без таго перанасычаны рынак, паведамляе агенцтва Bloomberg. Так, Іран прагназуе на 2016 год нафту ў межах $35-55 і ўжо падлічвае будучыя даходы.

Раней Сусветны банк пагоршыў прагноз кошту нафты ў 2016 годзе на 10 даляраў - з 61 да 51 даляра за барэль. Перагляд звязаны з вялікімі аб'ёмамі запасаў паліва, эластычнай прапановай і чаканнем выхаду Ірана на энэргетычны рынак.

Экспэрты Golden Sachs мяркуюць падзенне коштаў нафты да 20 даляраў. Аналітыкі чакаюць захавання нізкіх коштаў сыравінных тавараў цягам доўгага перыяду часу. Яны адзначаюць, што карэкціроўка паставак сыравіны на гэты момант з'яўляецца недастатковай, у той час як узровень попыту на тыя ці іншыя віды сыравінных тавараў альбо расце слаба, альбо зніжаецца.

30 верасня Сусветны банк апублікаваў даклад аб развіцці Расеі. Згодна з дакументам, пры нафце 53-55 даляраў за барэль даляр будзе каштаваць 62,3 рубля ў 2016 годзе, 61 - у 2017-м і 58,2 - у 2018-м.

Большасць апытаных агенцтвам Bloomberg экспэртаў уважае за найбольшую пагрозу для эканомікі Расеі падзенне сусветных коштаў нафты да $20-30 за барэль.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках