18 траўня 2024, Субота, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі б'е рэкорды

14
Афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі б'е рэкорды
Фота з сайта FINANCE.TUT.BY

На фоне росту беспрацоўя попыт на працоўную сілу ў Беларусі дасягнуў мінімальнага за апошнія 10 гадоў паказчыка, сведчаць звесткі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Так, на 1 снежня 2015 у органах працы, занятасцi i сацыяльнай абароны знаходзіліся звесткі аб наяўнасці 29,3 тысяч вакансій, тады як у канцы 2014 - 33,6 тыс., 2013 - 50,5 тыс., 2012 - 62 тыс., паведамляе БелаПАН.

Цяперашні попыт на працоўную сілу - самы нізкі з 2004 года. Нават у 2009, на фоне сусветнага эканамічнага крызісу, калі ў Беларусі назіраўся спад прамысловай вытворчасці, узровень заяўленых вакансій быў вышэйшы - іх колькасць складала 34,5 тыс.

На гэтым фоне ў 2015 годзе ў краіне намецілася тэндэнцыя росту беспрацоўных. Паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, на 1 снежня ў Беларусі колькасць беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку склала 43,2 тыс. чалавек. Для параўнання: у канцы 2014 года гэты паказчык быў на ўзроўні 24,2 тыс. чалавек, у канцы 2013 года - 21 тыс., у канцы 2012 года - 24,9 тыс. паводле афіцыйных звестак, сёння ў Беларусі максімальная з 2007 года колькасць беспрацоўных.

Экспэрты адзначаюць, што зніжэнне колькасці вакансій і рост беспрацоўя сталі следствам эканамічнага спаду, які назіраўся ў Беларусі летась. Паводле афіцыйных звестак, за студзень-лістапад УБП Беларусі знізіўся на 3,9%, прамысловая вытворчасць скарацілася на 7,1%.

Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) Георгій Грыц мяркуе, што на выпадак беспрацоўя неабходна ствараць страхавыя фонды.

«Каб праводзіць банкруцтва, патрэбныя фонды, якія будуць аказваць падтрымку супрацоўнікам прадпрыемстваў, якія застаюцца без працы. Гаворка ідзе аб стварэнні страхавых фондаў, якія маглі б стаць «падушкай бяспекі» для работнікаў, калі ў дачыненні да іх прадпрыемства будзе праводзіцца працэдура банкруцтва», - растлумачыў Грыц.

На ягоную думку, меры падтрымкі шкляных і цэментавых стратных прадпрыемстваў, прынятыя апошнімі тыднямі дзяржавай, былі змушанымі, улічваючы сацыяльны аспект праблемы. «Прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў рэгіёнах, з'яўляюцца нярэдка горада- або раёнаўтваральнымі. Таму, улічваючы сацыяльны аспект гэтага пытання, дзяржава вымушана падтрымліваць такія прамысловыя арганізацыі», - сказаў намеснік старшыні БНПА.

Варта адзначыць, што пытанне аб аказанні падтрымкі работнікам праблемных прамысловых прадпрыемстваў абмяркоўвалася 22 снежня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынём Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам. Паказаўшы на тэндэнцыю скарачэння работнікаў, непрацягнення кантрактаў і скарачэнне вакансій, Орда прапанаваў кіраўніку дзяржавы разгледзець магчымасць стварэння фонду для кампенсацыйных выплат звольненым работнікам у выпадку, калі гэтага не змогуць зрабіць самі прадпрыемствы.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках