6 траўня 2024, панядзелак, 12:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску развіталіся з навукоўцам і палітыкам Юрыем Хадыкам

3
У Менску развіталіся з навукоўцам і палітыкам Юрыем Хадыкам
ЮРЫЙ ХАДЫКА

Цырымонія прайшла ў грэка-каталіцкім цэнтры Святога Язэпа.

Скрыню з прахам Юрыя Хадыкі прывёз на радзіму з ЗША, дзе ён памёр 11 верасня на 79-м годзе жыцця, ягоны малодшы сын Канстанцін. Навукоўца правялі ў апошні шлях на 40-ы дзень пасля смерці, ён будзе пахаваны на Чыжоўскіх могілках сталіцы побач з жонкай, паведамляе БелаПАН.

На развітанне прыйшло больш за паўсотні чалавек, у тым ліку праваабаронца Алесь Бяляцкі, палітычныя і грамадскія дзеячы Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, бард Зміцер Захарэвіч, пісьменнік і журналіст Аляксандр Тамковіч.

Юрый Хадыка нарадзіўся 23 чэрвеня 1938 года ў Менску. Скончыў фізічны факультэт БДУ. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Аўтар дысертацыі на тэму «Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет». Аўтар блізу 150 навуковых прац па фізіцы і блізу 200 навукова-тэхнічных справаздач, а таксама блізу 30 публікацый аб гісторыі беларускага мастацтва.

Працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР - аспірантам, малодшым, а затым старшым навуковым супрацоўнікам, загадваў лабараторыяй ва Усесаюзнай кааперацыі для стварэння касмічнай сістэмы ранняга папярэджання аб ракетным нападзе. У 1975 годзе ўзначаліў секцыю ў камісіі АН СССР у распрацоўцы прагнозу развіцця оптыка-электронных сродкаў выведкі на 15 гадоў.

Восенню 1969 года арганізаваў у АН БССР семінар для вывучэння беларускага мастацтва мінулых стагоддзяў, што дазволіла ў 1979 годзе адкрыць у акадэміі музей старабеларускай культуры.

З 1988 года актывіст дэмакратычнага руху ў Беларусі. Быў намеснікам старшыні Беларускага Народнага Фронту, сябрам назіральнай рады Беларускага Хельсінскага камітэта, праграмы грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва», рэдагаваў бюлетэнь цэнтра.

У 1996 годзе быў арыштаваны за ўдзел у апазіцыйным шэсці «Чарнобыльскі шлях». Пратэстуючы супраць беспадстаўнага затрымання, амаль месяц трымаў галадоўку, быў вызвалены пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадскасці.

Фота: racyja.com
Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках