3 траўня 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беднасць і беспрацоўе ўганяе расейцаў у пазыкі

4
Беднасць і беспрацоўе ўганяе расейцаў у пазыкі

Расейцы часцей бяруць крэдыты ў рэгіёнах з высокім беспрацоўем.

Узровень пазыковай нагрузкі насельніцтва па неіпатэчным крэдытам максімальны ў рэгіёнах з больш бедным насельніцтвам і высокім беспрацоўем, да такой высновы ў сваім даследаванні прыйшоў «Альфа-банк».

Грамадзяне з высокімі даходамі неахвотна бяруць крэдыты, лічаць у банку. Сярэдні пазычальнік у Расеі - гэта чалавек з невысокімі даходамі і жорсткімі бюджэтнымі абмежаваннямі, гаворыцца ў дакладзе банка, паведамляе расейская служба BBC.

Экспэрты прааналізавалі ўсе рэгіёны Расеі паводле аб'ёмаў неіпатэчных крэдытаў на душу насельніцтва да сярэдняга заробка. У лік «перакрэдытаваных» рэгіёнаў патрапілі Алтай, Цюмень, Маскоўская вобласць, Башкірыя і іншыя.

Сярод «недакрэдытаваных» рэгіёнаў аказалася Масква, Санкт-Пецярбург, Ленінградская вобласць.

У банку падлічылі, што ў «перакрэдытаваных» рэгіёнах Расеі сярэдні ўзровень беспрацоўя складае 6,3%, што вышэй за сярэдні ўзровень па Расеі на 5,9% паводле звестак за 2015 год. У рэгіёнах, дзе пазыковая нагрузка на насельніцтва нізкая, сярэдні ўзровень беспрацоўя складае 4,7%.

У рэгіёнах, жыхары якія ўзялі шмат крэдытаў, доля насельніцтва з даходамі ніжэй пражытачнага мінімуму склала 14,3%. У сярэднім па Расеі гэты паказчык складае 13%, а ў «недакрэдытаваных» рэгіёнах - 11,8%.

«Гэтыя лічбы зняпраўджваюць надзеі на тое, што асноўнай крыніцай росту попыту на рознічнае крэдытаванне ў Расеі можа быць сярэдні клас», - пішуць эканамісты «Альфа-банка». Фактычна людзі бяруць крэдыты, каб згладзіць дынаміку сваіх даходаў.

У банку папярэджваюць пра рызыкі ў Пермскай, Омскай і Кемераўскай абласцях, а таксама Алтайскім краі і Удмуртыі. Узровень пазыковай нагрузкі тут высокі, а насельніцтва гатова і далей залазіць у даўгі праз пагаршэнне макраэканамічнай сітуацыі. Банкі могуць панесці страты па крэдытах у гэтых рэгіёнах.

Раздробнае крэдытаванне дзеліцца на два віды - іпатэчнае і неіпатэчнае. Іпатэчнае крэдытаванне ў Расеі развіта дрэнна, па аб'ёме гэтага рынку краіна адстае ад іншых краін Усходняй Еўропы. А вось неіпатэчнае крэдытаванне ў 2000-я гады бурна расло.

Гэта прывяло да росту долі пратэрмінаванай запазычанасці і «дрэнных крэдытаў», якія давялося спісваць банкам.

Агулам дынаміка раздробнага неіпатэчнага крэдытавання застаецца слабай. Эканамісты звязваюць гэта з асцярогамі банкаў праз зніжэнне даходаў насельніцтва, а таксама са зніжэннем актыўнасці ў Расеі буйных замежных банкаў. Цяпер, паводле звестак «Альфа-банка», з усіх магчымых відаў неіпатэчных крэдытаў найлепшую дынаміку паказвае рынак крэдытных карт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках