3 траўня 2024, Пятніца, 15:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

4 скандальныя факты аб Еўрапейскіх гульнях, якія хоча правесці Лукашэнка

46
4 скандальныя факты аб Еўрапейскіх гульнях, якія хоча правесці Лукашэнка
Фота: БелТА

Нідэрланды адмовіліся ад правядзення Еўрапейскіх гульняў-2019, а беларускі дыктатар хоча іх правесці. У чым справа?

Лукашэнка анансаваў правядзенне ў Беларусі у 2019 годзе еўрапейскай Алімпіяды.

Ідэя Еўрапейскіх гульняў палягае ў тым, каб правесці спаборніцтвы, максімальна набліжаныя да фармату Алімпіяды. Упершыню Еўрапейскія гульні былі праведзеныя ў 2015 годзе ў сталіцы Азербайджана. Што яшчэ вядома аб загадкавым спартовым форуме? На гэтае пытанне адказваюць журналісты «Салiдарнасцi».

Гульні ў Баку абышліся арганізатарам у каласальную суму

На падрыхтоўку да Еўрапейскіх гульняў азербайджанскія ўлады паводле звестак BBC выдаткавалі блізу 5 мільярдаў даляраў. Афіцыйны бюджэт гульняў склаў 1,12 мільярда. Паводле паведамленняў СМІ толькі на адкрыццё гульняў было выдаткавана 95 мільёнаў даляраў.

Відавочна, беларускім уладам таксама давядзецца раскашэліцца, каб, як мінімум, не абняславіцца. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: як з такім выклікам справіцца айчынная эканоміка, якая знаходзіцца ў жаласным стане?

Азербайджанцам «рэкамендавалі» ахвяраваць на форум частку заробку

Каб знайсці дадатковыя грошы на правядзенне гульняў у Баку, мясцовыя ўлады «парэкамендавалі» грамадзянам ахвяраваць на іх частку заробку. Таксама да заканчэння гульняў у краіне, паводле неафіцыйных звестак, было спыненае датаванне медыцынскіх прэпаратаў і выплаты бонусаў дзяржслужбоўцам.

Пазней прадстаўніца міністэрства аховы здароўя Азербайджана зняпраўдзіла гэтую інфармацыю. У сваю чаргу, неафіцыйныя паборы былі пацверджаныя ў дакладзе праваабарончай арганізацыі Freedom House.

Ініцыятара правядзення Еўрапейскіх гульняў арыштавалі

Ідэя правядзення Еўрапейскіх гульняў належыць кіраўніку Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Патрыку Хікі. Некалькі месяцаў таму ён трапіў у гучны скандал. На Алімпійскіх гульнях-2016 у Рыа яго арыштавалі паводле падазрэння ў махлярства з квіткамі на Алімпіяду і неўзабаве змясцілі пад хатні арышт праз стан здароўя.

Судовы працэс можа заняць да двух гадоў. Абвінавачванні супраць Хікі ўключаюць у сябе махлярства, адмыванне грошай і ўхіленне ад падаткаў.

Што цікава, на сустрэчы з в.а. прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэзам Качыянчычам Лукашэнка выказаў падтрымку на адрас Патрыка Хікі.

- У нас ёсць з вамі агульны добры сябар - спадар Хікі. На жаль, з намі яго няма сёння, але, я ўпэўнены, ён да нас далучыцца. Таму што тыя метады, якімі сёння дзейнічаюць асобныя дзяржавы, яны непрымальныя не толькі для спорту, але і для развіцця нашага свету агулам, - адзначыў Лукашэнка.

Нідэрланды адмовіліся ад правядзення Еўрапейскіх гульняў-2019

Да таго, як Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся прыняць спартовы форум у Менску, яго правядзенне планавалася ў Нідэрландах. Але галандцы, вывучыўшы грамадскую думку, наважылі ад дарагога мерапрыемства адмовіцца, спаслаўшыся на фінансавыя меркаванні.

Трэба адзначыць, што ў заходніх краінах ужо даўно няма ілюзій наконт станоўчага ўплыву значных спартовых спаборніцтваў на стан спраў у эканоміцы. З гэтай прычыны форумы ўсё часцей прымаюць дзяржавы з аўтарытарнай уладай, чые кіраўнікі хочуць папіярыцца за кошт спорту.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках