18 траўня 2024, Субота, 2:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Navi, Nuteki і Віталь Варонка возьмуць удзел у адборы на «Еўравізію-2017»

Navi, Nuteki і Віталь Варонка возьмуць удзел у адборы на «Еўравізію-2017»

Імёны 15 фіналістаў, якія пазмагаюцца за паездку ў Кіеў, будуць вядомыя 30 лістапада.

Чалавек-баян Віталь Варонка, які надоечы скарыў сваёй непасрэднасцю брытанскае TV-шоў britain's Got Talent, падаў заяўку на ўдзел у «Еўравізіі-2017» і цалкам раскрывае таямніцы свайго нумара:

«Песня называецца «what's your name?» і напісаць яе мяне натхніў прадусар Sony Music, які падышоў пасля першага шоў, дзе журы пыталіся, як мяне завуць, і прапанаваў напісаць песню «what's your name?». Так яна і нарадзілася».

Віталь з'явіцца на нацыянальным адборы ў традыцыйным ужо касцюме Супэрмэна, але мадэрнізаваным — з элементамі беларускага арнаменту, бо ў песні адчувальны народны каларыт. Кампазіцыя будзе на ангельскай мове, а сам нумар — гумарыстычны, паведамляе «Еўрарадыё».

«Гэта будзе шоў, як на britain's Got Talent», — абяцае Віталь.

Таксама стала вядома, што гурт The Superbullz з Алесем-Францішкам Мышкевічам вызначыўся з заяўкай у апошні дзень, бо змяніў песню (раней музыкі заяўлялі трэк аб 90-х гадах і перыядзе станаўлення незалежнай Беларусі). Яшчэ адзін з прадусараў заінтрыгаваў тым, што дапамагае расейскаму артысту з беларускімі каранямі. Свой удзел у цяперашнім адборы пацвердзілі і музыкі гурта Navi. Прыём заявак скончыўся 22 лістапада, але яшчэ не ўсе бандэролі дайшлі да Белтэлерадыёкампаніі.

«З усіх заявак, якія да нас дайшлі на сёння, асноўная маса — ад грамадзян Беларусі, — распавядае аб геаграфіі паходжання удзельнікаў прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Красоўская. — Але таксама прадстаўленая Расейская Федэрацыя некаторымі артыстамі, але не магу сказаць, што гэтыя імёны знаныя, хоць, магчыма, яны вядомыя ў пэўных колах. Таксама прыйшлі заяўкі з Латвіі, Туркменістана, Украіны. Ёсць заяўка ад артыста з Нігерыі, які мае дазвол на жыхарства ў нашай краіне».

Прэс-сакратар падкрэслівае, што заяўкі ад расейскага прадусара Макса Фадзеева, які напісаў ліст да Лукашэнкі з прапановай падрыхтаваць да конкурсу расейскага ўдзельніка, а таксама спявачкі Наргіз (ходзяць чуткі, што менавіта на яе робіць стаўку прадусар), пакуль не паступала. Як і бандэроляў ад беларускіх зорак нацыянальных адбораў — Жанэт, Анастасія Малашкевіч, Гюнэш і смяхотных зомбі Sweet Brains. Але, кажа Святлана, сярод тых, чые заяўкі дайшлі, шмат артыстаў, якія ўжо былі ў адборах, але не выходзілі ў фінал, ёсць і фіналісты — Nuteki.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках