2 траўня 2024, Чацвер, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белсат» без фінансавання і на расейскай мове?

23
«Белсат» без фінансавання і на расейскай мове?
АГНЕШКА РАМАШЭЎСКА
ФОТА: AGENCJA GAZETA

Неафіцыйныя крыніцы сцвярджаюць, што была прынятая пастанова скараціць фінансаванне тэлеканала «Белсат» у 2017 на 2/3.

Пра гэта дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўска заявіла ў інтэрв'ю польскаму выданню Wpolityce (пераклад – «Радыё Рацыя»).

- Што гэта азначае на практыцы?

- Ліквідацыя. Ці можна назваць гэта па-іншаму? Для нас скарачэнне фінансавання нават на 10% было б трагедыяй. Наша тэлевізія стала вельмі эканомнай. Я казала падчас пасяджэння парламенцкай камісіі, што наш бюджэт эквівалентны 5-дзённаму бюджэту «Russia Today». Ці азначае гэта, што Польшча павінна выкінуць гэтыя 5 мільёнаў злотых? На што яны павінны быць прызначаныя? Хай дадуць на дзіцячыя дамы ў Беларусі.

- Наколькі апраўданая гэтая пастанова?

- Увогуле, гэта не апраўдана. Для мяне гэта стала поўнай нечаканасцю. Толькі сёння я даведалася, што такі дакумент падрыхтаваны ў Міністэрстве замежных спраў. Праўда, дагэтуль не пададзены афіцыйна, але з вартых даверу крыніц ведаю, што ён ужо ёсць. Цікава тое, што камісія замежных спраў аднагалосна прыняла пастанову падтрымкі свабодных сродкаў масавай інфармацыі, а міністр Дзедзічак сказаў, што далучаецца да яго абедзвюма рукамі. Калі 17 мільёнаў змяншаюцца да 5 мільёнаў, гэта нават больш за 2/3 бюджэту... Гэта нейкі жарт! У дадатак вельмі жорсткі. Не ведаю, як гэта разумець.

- Вы па-ранейшаму бачыце сябе ў гэтай сітуацыі ў якасці дырэктара тэлеканала?

- Шчыра кажучы - не ведаю. Я кіравала гэтай тэлевізіяй цягам 10 гадоў, у вельмі розных, цяжкіх умовах, і павінна сказаць, што жыццё навучыла мяне не сыходзіць у адстаўку. Калі хто-небудзь захоча, то проста выкіне мяне. Я падала кіраўніцтву розныя канцэпцыі, у тым ліку стварэнне «TVP Zagranica», з умовай таго, што адным з элементаў гэтага праекта павінна было быць добрае функцыянаванне тэлевізіі «Белсат». Без яе добрай тэлевізіі такога профілю не можа быць, застаецца толькі карыкатура.

На гэты момант мы бярэм удзел у шматлікіх конкурсах, вельмі цяжка працуем. Мы падалі заяўку ў брытанскі фонд, які будзе падтрымліваць вяшчанне на расейскай мове на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Яшчэ сёння канчаткова сцвярджала праект, а праз некалькі гадзін даведалася, што нас практычна пазбавілі фінансавання. Я наогул не разумею, што адбываецца.

- Ці існуе імавернасць таго, што Міністэрства замежных спраў скасуе сваю пастанову?

- Гэта адміністрацыйная пастанова, якая яшчэ не была афіцыйна даведзеная, і ўсё яшчэ можа быць скасавана. Я спадзяюся, што такі неразумны крок не будзе зроблены. Выглядае так, што Польшча мае намер «стрэліць у нагу» і змарнаваць высількі дзясяткаў людзей, якія ўклалі душу ў працу «Белсату». Гэта цяжка прыняць. Я ведаю, што афіцыйны беларускі бок не любіць нашай тэлевізіі, але гэта не ёсць пытанне, якое турбуе іх больш за ўсё. Сёння яны ў асноўным займаюцца эканамічнымі праблемамі. Закрыццё гэтага рэсурсу для мяне незразумелае.

- Каму ў такім выпадку было выгадна скарачэнне фінансавання?

- Я не ведаю. Шчыра кажучы, я не магу гэтага растлумачыць. Таксама я даведалася, што мы павінны будзем трансляваць на рускай мове. Гэта наогул абсурд! Беларуская мова стала нашым адметным знакам. Без такога важнага элемента ў Берасці хутка можа быць Расея. Праз год або праз пяць гадоў, але ў любым выпадку гэта будзе нявыгадна. Тое, што хтосьці не разумее гэтага, для мяне поўная абстракцыя. Як можна гэтага не разумець!? Гэта для мяне відавочна... Беларусы любяць сваю мову. Мой калега з'яўляецца дырэктарам Польскага інстытута ў Менску і можа пацвердзіць, што менавіта праз гэта яго носяць на руках - нават у колах расейскамоўных беларусаў.

Менавіта таму пастанова Міністэрства замежных спраў для мяне абсалютна незразумелая. Я ўвесь час спрабую сабе патлумачыць, што гэта, магчыма, нейкае непаразуменне. Я не магу гэтага зразумець. Мы старанна працуем, і гэта могуць пацвердзіць мае калегі. І кожны выдаткаваны злоты мы разглядаем з некалькіх бакоў. Я лічыла, што з'яўляюся прыхільніцай «добрых пераменаў», і нават не магла падумаць, што нешта такое можа мець месца.

- Вы абураныя такой пастановай уладаў?

- Я і цяпер думаю, што гэта проста непаразуменне. Чаму? За што? Цягам многіх гадоў мы былі «бяльмом на воку» МЗС, бо былі журналісцкай, а не ўрадавай арганізацыяй, акрамя таго, створанай пераважна на добраахвотных пачатках. Мы змагаліся з самага пачатку. Я змагаюся за гэту тэлевізію ўжо 8 гадоў. Я перажыла часы міністра Сікорскага і міністра Схетыны, ваявала з наступнымі старшынямі TVP, якія спрабавалі ліквідаваць «Белсат».

Тэлевізію стварыў урад партыі «Права і справядлівасць», і здавалася, што яна не будзе знішчаць нас. Гэта нейкія дзіцячыя фантазіі. Цяжка казаць тут пра нейкую рацыянальнасць.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках