26 красавiка 2024, Пятніца, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Патрыёты гатовыя ўзяць на сябе абарону Беларусі ад РФ

59
Мікалай Статкевіч: Патрыёты гатовыя ўзяць на сябе абарону Беларусі ад РФ
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Адказ Мінабароны паказаў, што ўлады не гатовыя супрацьстаяць агрэсіі з Усходу.

Пра гэта charter97.org заявіў лідар беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, каментуючы адказ міністра абароны Андрэя Раўкова на ліст Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу з патрабаваннем растлумачыць, ці гатовае войска да абароны краіны ад вайсковага ўмяшання РФ.

- Міністр абароны заявіў аб тым, што апытанне беларускіх афіцэраў, што выявіла ў большасці з іх прарасейскія сімпатыі, не праводзілася, а аўтараў ліста абвінаваціў у сумневах у абараназдольнасці. Як вы пракаментуеце адказ Раўкова?

- Я атрымаў адказ міністра абароны сёння па электроннай пошце. Уважаю станоўчым момантам тое, што ён наогул не змаўчаў.

Гэта сведчыць таксама і пра тое, што Міністэрства абароны і беларускі рэжым заклапочаныя пагрозай з Усходу. Адказ пераследуе некалькі мэтаў. Па-першае, гэта спроба супакоіць грамадства. Па-другое, гэта сігнал Маскве, што «ў нас усё ў парадку». Па-трэцяе, гэта сігнал тым, хто служыць у войску, пра тое, якую пазіцыю ім трэба займаць.

Я і сам дапускаю, што правядзенне апытання беларускіх афіцэраў – гэта выдумка палітолага Валерыя Салаўя. Салавей – не толькі палітолаг, але і спецыяліст у інфармацыйных войнах і мог гэтую інфармацыю запусціць знарок, як элемент псіхалагічнай вайны. Але я ўпэўнены, што расейскія спецслужбы рэгулярна праводзяць аналіз настрояў беларускіх афіцэраў.

Па-другое, хоць Раўкоў і кажа, што ў нас «усё выдатна», і ўсе патрыёты і гатовыя абараняць, ён баіцца сказаць: «абараняць ад Расеі». І нават яго абцякальная фармулёўка «абараняць пры любой сітуацыі» - занадта аптымістычная. Я аналізую сітуацыю ў войску і ведаю, што з многіх прычынаў сённяшняе войска не гатовае абараняць Беларусь пры пагрозе з боку Расеі.

Улада сама вяла 20 гадоў прапаганду пра «адзіны народ», «расейцаў са знакам якасці», «інтэграцыю», «на каленях паўзці ў Маскву». Гэта прапаганда вядзецца і зараз. Людзі, якія ішлі ў вайсковыя вучылішча, ведалі, што ідуць служыць дзяржаве, улады якой гатовыя аб'яднацца з Расеяй. І нарэшце, для многіх афіцэраў і прапаршчыкаў служба – гэта проста праца і заробак на жыццё. Яны параўноўваюць заробкі ў войску РФ і Беларусі. І гэтыя параўнанні – не на нашу карысць.

Таму не ўсё так добра, як сцвярджае Андрэй Раўкоў. Я цалкам адмаўляю яго абвінавачванні ў тым, што выказваючы сумненні ў здольнасці ўладаў абараніць Беларусь, «падрываю» асновы абараназдольнасці. Мы ў лісце сумненняў не выказвалі. Мы проста пачулі інфармацыю і задалі пытанне.

Але цяпер я сапраўды выказваю сумненні ў тым, што ўлады здольныя абараняць краіну. І Міністэрства абароны, адказаўшы на ліст, прадэманстравала, што адчувае няўпэўненасць у гэтай здольнасці рэжыму і гатова да дыялогу.

І Беларускі нацыянальны кангрэс гатовы да такога дыялогу. Патрыёты гатовыя дапамагчы ў справе абароны Бацькаўшчыны ад агрэсіі з боку РФ.

7 снежня зноў збярэцца Рада БНК. На парадку будуць тры найбольш надзённых пытання. Па-першае, гэта працяг кампаніі «Вярнуць уладу народу!». Адсутнасць законнай улады – гэта самая вялікая праблема Беларусі, з якой ідуць яшчэ дзве важныя праблемы. Гэта збядненне народа і дэградацыя эканомікі

і трэцяя каласальная праблема – пагроза суверэнітэту нашай дзяржавы. Па гэтай праблеме мы гатовы размаўляць хоць з «чортам лысым», а тым больш з афіцэрамі войска і Міністэрства абароны. Хай гэта міністэрства і вытворнае ад незаконнай улады, але хаця б па назве і фармальных задач павінна абараняць незалежнасць краіны.

БНК падумае, як аказаць дапамогу Міністэрству абароны ў павышэнні абароназдольнасці Беларусі. Мы падрыхтуем падрабязны план грамадскай дзейнасці для павышэння абараназдольнасці нашай краіны. Мы гатовыя прапанаваць яго і Міністэрству абароны. Калі вайсковае кіраўніцтва Беларусі яго не прыме, то мы звернемся непасрэдна да грамадзян Беларусі, не пытаючыся на гэта згоды ўладаў. Сітуацыя цяпер такая, што само грамадства павінна забяспечыць абарону незалежнасці Беларусі.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках