26 красавiка 2024, Пятніца, 18:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайна ў Сірыі агаляе слабасці Расеі

5
Вайна ў Сірыі агаляе слабасці Расеі

Асцярогі ў сувязі з падзеннем самалёта, аўтаномная дыпламатычная лінія перамоў з паўстанцамі, гнеў праз Пальміру і канфуз з авіяносцам «Кузняцоў».

Дзяржаўныя расейскія СМІ, такія, як Russia Today і Sputnik, спрабуюць стварыць вобраз непераможнасці Расеі, кажучы пра яе ваеннае ўмяшанне ў Сірыю, распачатае ў верасні 2015 года, аднак гэта не так. Сірыя з'яўляецца адной з найбольш небяспечных тэрыторый ваенных дзеянняў, а расейскія сілы маюць структурныя хібы, якія выяўляюцца часам спрэс нечакана і катастрафічна, як у выпадку з Ту-154, які шуснуў у Чорнае мора праз дзве хвіліны пасля ўзлёту раніцай 25 снежня з 92 пасажырамі на борце - усе загінулі, піша Il Foglio (пераклад - inosmi.ru).

На борце самалёта, які накіроўваўся на сірыйскую базу расейскай авіяцыі недалёка ад Латакіі, ляцеў хор расейскага войска, які ўвасабляе музычную традыцыю, сустраканую з любоўю і павагай ва ўсім свеце. І гэта толькі ўзмацняе трагізм гэтай аварыі.

Расейскія СМІ выстаўляюць толькі дзве магчымыя версіі - тэхнічную няспраўнасць або вонкавае ўздзеянне, абедзве выклікаюць пытанні ў экспэртаў. Калі аварыя адбылася з прычыны тэхнічнай няспраўнасці, то гэта магло быць звязана з тым, што Ту-154, які вылецеў з Масквы (і зрабіў прыпынак у Сочы), эксплуатаваўся з 1983 года і быў састарэлым (авіялініі зазвычай вызначаюць тэрмін эксплуатацыі самалётаў у рамках дзесяці-дваццаці гадоў, а не звыш 30). Калі ж адбыўся сабатаж, то сітуацыя падаецца яшчэ горшай, бо гаворка ідзе пра магчымыя хібы ў дзейнасці службаў бяспекі ў вайсковай сфэры, што амаль немагчыма.

Летась чартарны рэйс з расейскімі пасажырамі, які вылецеў з турыстычнага егіпецкага аэрапорта Шарм-эль-Шэйха, быў знішчаны над Сінаем бомбай, закладзенай чальцом ІДзІЛ (забароненай у Расеі тэрарыстычнай арганізацыі). Той факт, што Расея хоча менш удзельнічаць у грамадзянскай вайне ў Сірыі, чым гэта падаецца, бо яна баіцца закладзенай у ёй рызыкі, пацвярджаецца яе дыпламатычным шляхам дасягнення пагаднення з групамі паўстанцаў, а гэтую лінію не падзяляюць хаўруснікі - Іран і сірыйскі ўрад.

У гэтыя дні ў сталіцы Турцыі Анкары праходзяць вельмі асцярожныя перамовы, каб пераканаць аб'яднанні ўзброенай апазіцыі ўкласці агульнае пагадненне аб спыненні агню, якое не ўключае групу Джабхат Фатэх ан-Шам сірыйскага аддзялення Аль-Кайды (тэрарыстычныя арганізацыі, забароненыя ў РФ). Гэтыя перамовы не адпавядаюць поглядам прэзідэнта Сірыі Башара Асада, які абяцаў адваяваць «кожны сантымэтар краіны», аднак ясна, што замірэнне (а не працяг вайны ў раёнах, якія застаюцца пад ўладай узброеных аб'яднанняў, такіх як Ідліб) пойдзе на карысць Расеі, якая ў гэты момант не можа засланіць усе франты.

Надоечы яна страціла горад-сімвал Пальміру, дзе ў траўні наладзілі выступ сімфанічнага аркестра, каб адсвяткаваць перамогу цывілізацыі над варварствам Ісламскай дзяржавы. Пальміра зноў апынулася ва ўладзе тэрарыстычнай арганізацыі з простай прычыны, праз перанапружанне: Расея не можа папоўніць нястачу сірыйскіх вайсковых сіл ва ўсіх мясцінах. Паменшаны гарнізон, які застаўся ахоўваць места, ледзь здолеў унікнуць палону, а камандзір расейскіх дэсантнікаў Санал Санчыраў загінуў падчас бітвы.

Тое, што расейская старана вядзе лінію перамоў з паўстанцкімі аб'яднаннямі, пацвярджаецца таксама фіналам бітвы за Алепа: у іх пагадненне былі ўнесеныя змены пасля яго падпісання, бо іранская старана выказвала незадаволенасць і дадала свае патрабаванні. Так вайна ў Сірыі агаляе слабасці Расеі, хоць гэта і гучыць трохі дзіўна. Пачынаючы з балістычных ракет «Калібр», якія стартавалі з Чорнага мора і апынуліся памылкова ў Іране (чатыры з 26, паводле звестак Пэнтагона, што Расея з абурэннем адмаўляе), да няёмкай місіі авіяносца «Кузняцова», які меўся стаць платформай для старту шасці бамбавікоў ля сірыйскага ўзбярэжжа, пры гэтым два з іх упалі ў мора, а таксама да кагадзе апублікаванага відэазапісу стратэгічнай ракеты S-300, што згарае на месцы заміж аб узлёту, у расейскай стараны значна больш тэхнічных і палітычных праблем, чым яна прызнае.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках