1 траўня 2024, Серада, 13:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз падаражанне камунальных паслуг беларусы эканомяць на ежы

12
Праз падаражанне камунальных паслуг беларусы эканомяць на ежы
Фота: tut.by

У трэцім квартале доля спажывецкіх выдаткаў беларусаў на жыллёва-камунальныя паслугі ўзрасла, на харчаванне — знізілася.

У трэцім квартале 2016 года на жыллёва-камунальныя паслугі доля спажывецкіх выдаткаў беларускіх хатніх гаспадарак узрасла, на харчаванне — знізілася, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.

У структуры спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак доля расходаў на харчаванне склала 40,6% (у трэцім квартале 2015 года — 40,9%), на куплю алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў — 3,2% (2,2%). На аплату нехарчовых тавараў выдаткавана 33% (35,1%), у тым ліку абутку і адзення — 8,2% (7,9%), прадметаў асабістага карыстання — 2,3% (2,1%), прадметаў хатняга ўжытку, бытавой тэхнікі — 4,3% (4,7%).

На аплату паслуг сышло 23,2% спажывецкіх выдаткаў (летась 21,8%), у тым ліку жыллёва-камунальныя паслугі — 6,1% (5,2%), медыцынскія і санаторна-аздараўленчыя паслугі — 1,2% (1%), паслуг адукацыі — 1,4% (1,5%), устаноў культуры, спорту, турыстычных і экскурсійных паслуг — 2,7% (3,1%), грамадскага транспарту — 2,3% (2,2%), сувязі — 4,7% (4,1%).

У трэцім квартале 2016 года знізілася спажыванне шэрагу прадуктаў харчавання: хлеба і хлебапрадуктаў — з 7 кг у месяц у разліку на членаў хатняй гаспадаркі ў трэцім квартале 2015 года да 6,9 кг у трэцім квартале 2016-га; малака і малочных прадуктаў — з 23,9 да 23,2 кг; мяса і мясных прадуктаў — з 6,5 да 6,2 кг; рыбы і рыбапрадуктаў — з 1,2 да 1 кг; садавіны і ягад — з 5,2 да 4,8 кг. Не змянілася спажыванне расліннага алею, маргарыну і іншых тлушчаў — 0,8 кг, бульбы — 5,3 кг, цукру і кандытарскіх вырабаў — 2,4 кг. Вырасла спажыванне яек — з 17 да 18 штук, гародніны і бахчавых — з 8,5 да 8,6 кг.

Спажывецкія расходы — грашовыя расходы хатніх гаспадарак на харчаванне (уключаючы грамадскае харчаванне), куплю алкагольных напояў, тытунёвых вырабаў, нехарчовых тавараў і аплату паслуг. У склад спажывецкіх выдаткаў не ўключаюцца падаткі і страхавыя ўзносы, матэрыяльная дапамога і іншыя расходы, не звязаныя са спажываннем, а таксама ўсе выдаткі, звязаныя з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістай падсобнай гаспадарцы і назапашваннем (уклады ў банкі, купля нерухомасці, замежнай валюты і гэтак далей).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках